Мінск 10:15

Ад пачатку тыдня “Рассельгаснагляд” не прапусціў у Беларусь больш за 20 тон гародніны і садавіны

22 красавіка, Позірк. Аб затрыманні ў Бранскай вобласці Расіі аўтамабіляў, што кіраваліся ў Беларусь з падсанкцыйнай прадукцыяй, паведаміла Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (“Рассельгаснагляд”).

Інцыдэнты здарыліся на гэтым тыдні ў пункце пропуску “Красный Камень” (Злынкаўскі раён).

“Падчас агляду аўтамабіляў і аналізу суправаджальных дакументаў інспектары ўстанавілі, што 1,22 тоны апельсінаў і памідораў перавозіліся без фітасанітарнага сертыфіката, а 20 тон яблыкаў і ўвогуле суправаджаліся падробленым фітасанітарным сертыфікатам”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Вываз прадукцыі з тэрыторыі РФ быў забаронены, “вінаватыя асобы прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці”.

Варта адзначыць, што, як правіла, паведамляецца пра затрыманне падсанкцыйнай прадукцыі, якую вязуць з Беларусі ў РФ.

Напрыклад, 21 красавіка ў Пскоўскай вобласці была спыненая фура з больш чым 20 тонамі аўстралійскай сэрыялелы (від рыбы), вырабленай прадпрыемствам з Новай Зеландыі (тавар быў знішчаны).

20 сакавіка паведамлялася, што віцебскія мытнікі спынілі спробу вывазу ў РФ 13 тон ахалоджанага ласося коштам амаль 900 тыс. рублёў. Паводле дакументаў, у грузавіку павінны былі быць ванільныя сушкі.

6 сакавіка Дзяржаўны мытны камітэт паведамляў пра спробу вывазу з Беларусі ў РФ буйной партыі ахалоджанага ласося. Парушэнне патрабаванняў транспартавання рыбнай прадукцыі было зафіксавана гомельскімі мытнікамі “пры правядзенні спецыяльных мерапрыемстваў паблізу беларуска-расійскага ўчастка мяжы”.

Падзяліцца: