Мінск 00:32

Безадказная ўлада пабудавала бессэнсоўную АЭС і зладзіла палітычны Чарнобыль — дарадца Ціханоўскай

Мітынг у Вільнюсе, прымеркаваны да 39-й гадавіны катастрофы на ЧАЭС (27 красавіка 2025 года)
Фота: "Позірк"

27 красавіка, Позірк. Крытыка будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, патрабаванні вывесці расійскую ядзерную зброю з тэрыторыі Беларусі прагучалі на мітынгу 27 красавіка ў Вільнюсе, прымеркаваным да 39-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Мерапрыемства на плошчы Вінцаса Кудзіркі ў цэнтры літоўскай сталіцы сабрала каля ста чалавек. Акцыя пачалася з хвіліны маўчання ў памяць пра ахвяр найбуйнейшай у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы, падчас якой былі чутныя пстрычкі лічыльніка Гейгера.

Старшы палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі заявіў, што Аляксандр Лукашэнка, як у свой час савецкая ўлада, пачаў замоўчваць чарнобыльскую трагедыю, стаў аднаўляць сельскагаспадарчую вытворчасць на забруджаных землях, фактычна труціць людзей”.

Пасля замоўчвання чарнобыльскай катастрофы “безадказная ўлада вырашыла пабудаваць атамную станцыю, якая зусім не патрэбная энергасістэме Беларусі” і павялічвае, а не змяншае залежнасць ад Расіі. Затым з Расіі на беларускую зямлю “прыйшла ядзерная зброя, якая будзе пагражаць і суседзям” і самім беларусам.

“Гэтая безадказная ўлада стварыла і палітычны Чарнобыль, — канстатаваў дарадца Ціханоўскай. — Сотні тысяч людзей з’ехалі з краіны (некаторыя даследчыкі кажуць, што амаль мільён) праз тое, што ўлада трымаецца на тэроры. Улада знішчае грамадства, культуру, нацыянальную ідэнтычнасць. Гэта яшчэ адна хваля Чарнобыля для Беларусі”.

Кіраўніца міжнароднага цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў “Наш дом” Вольга Карач заявіла, што ўпершыню ў гісторыі рэгіёна з’явілася рэальная пагроза ядзернай вайны, і краінай, якая прынесла гэтую пагрозу, стала Беларусь.

“На жаль, калі ў нашым рэгіёне будзе выкарыстаная ядзерная зброя, яна будзе выкарыстаная з тэрыторыі Беларусі супраць нашых суседзяў, — лічыць кіраўніца “Нашага дома”. — Наяўнасць расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі робіць нашу краіну мішэнню для прэвентыўных удараў. Гэта ставіць пад пагрозу жыццю мільёнаў людзей — не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне, Літве, Польшчы, Латвіі, па ўсім рэгіёне. Любая эскалацыя, любая памылка можа прывесці да непапраўнай катастрофы”.

Беларуская АЭС, “пабудаваная ў непасрэднай блізкасці ад Вільні” з “глыбокімі парушэннямі міжнародных нормаў бяспекі”, паводле яе слоў, “уяўляе сабой яшчэ адну патэнцыйную катастрофу — пад выглядам “мірнага атама” — для ўсёй Усходняй Еўропы”.

Ад імя “грамадзянскіх актывістаў з Беларусі” Карач запатрабавала неадкладнага вываду расійскай ядзернай зброі, заклікала міжнародную супольнасць “не ігнараваць гэтую пагрозу” і разам дамагацца надання Беларусі бяз’ядзернага статусу.

На мітынгу таксама была зачытаная рэзалюцыя да 39-й гадавіны катастрофы на ЧАЭС, якую напярэдадні ўжо прадставілі на акцыі ў Варшаве; выступілі заходнія антываенныя і экалагічныя актывісты.

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: