Мінск 16:52

У суд перададзеная крымінальная справа мужчыны, які вырабіў з дапамогай 3D-друку пісталет-кулямёт

Фота: Генпракуратура / sudexpert.gov.by

5 траўня, Позірк. Пракуратура Бярозаўскага раёна (Брэсцкая вобласць) накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 33-гадовага мясцовага жыхара, які “з дапамогай нявысветленых слясарных інструментаў”, а таксама 3D-прынтару вырабіў дзевяціміліметровы пісталет-кулямёт FGC9 версіі MkII.

Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры, зброя была вырабленая не пазней за студзень 2025 года. Большасць дэталяў зроблена з пластыка; металічная руля, некалькі спружын і баек з выкідвальнікам — з “падручных матэрыялаў”.

Пісталет-кулямёт, як паведамляецца, аснашчаны рэгуляваным тэлескапічным прыкладам, планкай Пікаціні з каліматарным прыцэлам і лазерным цэлепаказчыка, а таксама глушыцелем, таксама вырабленым на 3D-прынтары.

Эксперты, як сцвярджае ведамства, высветлілі, што выраб адносіцца да катэгорыі наразной агнястрэльнай зброі і прыдатны для стральбы.

Паводле інфармацыі нагляднага органа, мужчына таксама перарабіў спружынна-поршневую пнеўматычную вінтоўку, замяніўшы “вітую спружыну на баявую газавую спружыну”.

У фігуранта справы таксама знайшлі сумесь бяздымных порахаў прамысловага вырабу, “якая адносіцца да катэгорыі кідальных выбуховых рэчываў <…> для рыштунку боепрыпасаў да наразной і гладкаствольнай зброі”.

“Абвінавачаны патлумачыў, што зброю і боепрыпасы ствараў з асабістай цікавасці”, — адзначыла Генпракуратура.

Мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і ч. 2 арт. 297 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да газавай, пнеўматычнай або кідальнай зброі). Ён знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Верагодна, гаворка ідзе пра чалавека, пра затрыманне якога прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў паведамляла 27 сакавіка. Тады ведамства заявіла, што жыхару аднаго з раённых цэнтраў Брэсцкай вобласці 44 гады, аднак, як відаць, гэта памылка. Звесткі Генпракуратуры і МУС пра тое, якая зброя была зробленая і што было знойдзена, супадаюць.

Падзяліцца: