Мінск 13:30

ЗВР Беларусі дасягнулі рэкорду праз назапашванне замежнай валюты і рост кошту золата — ЕАБР

Ілюстрацыйнае фота: Planet Volumes / unsplash.com

12 траўня, Позірк. Дасягненне рэкорднага ўзроўню золатавалютных рэзерваў Беларусі да пачатку траўня забяспечанае ў першую чаргу “павелічэннем рэзерваў у замежнай валюце на 513,2 млн долараў на фоне росту прапановы валюты на ўнутраным рынку”, вынікае з штотыднёвага макраагляду Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).

Аналітыкі банка таксама канстатавалі, што “значным фактарам” павелічэння ЗВР стаў “рост кошту золата на 326,3 млн долараў у складзе рэзерваў праз рост коштаў на яго на 6% за месяц”.

“Ад пачатку года золатавалютныя рэзервы выраслі на 2.019,7 млн долараў, або больш як на 22%”, — адзначана ў аглядзе.

Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 траўня 2025 года склалі 10 млрд 942,3 млн долараў у эквіваленце — гэта гістарычны максімум. За красавік золатавалютныя рэзервы выраслі на 872,8 млн (+8,7%).

Манетарнае золата ў структуры ЗВР склала 5 млрд 719,3 млн долараў (+326,3 млн за месяц; +6,1%), спецыяльныя правы запазычання — 1 млрд 402,5 млн (+33,3 млн.; +2,4%), рэзервовыя актывы ў замежнай валюце — 3 млрд 820,3 млн (+513,1 млн; +15,5%).

Рэзервовая пазіцыя ў МВФ і іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн долараў адпаведна.

У студзені — красавіку 2025 года насельніцтва Беларусі выступіла чыстым прадаўцом замежнай валюты, сведчаць даныя Нацыянальнага банка.

Фізічныя асобы набылі замежнай валюты на 3 млрд 959,2 млн долараў (тут і далей у акругленым да дзесятых значэнні і ў эквіваленце), прадалі — на 4 млрд 196,9 млн (адмоўнае сальда — 237,7 млн).

Наяўнай валюты набыта на 2 млрд 565,6 млн, прададзена — на 3 млрд 260,4 млн (-694,8 млн), безнаяўнай — на 1 млрд 393,6 млн і 936,5 млн адпаведна (+457,1 млн).

Падзяліцца: