Мінск 15:59

Ціханоўская наведае Люксембург, Польшчу і Албанію

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

13 траўня, Позірк. Пра графік найбліжэйшых міжнародных візітаў дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай паведамляе яе прэс-служба.

13–14 траўня Ціханоўская наведае Люксембург, дзе возьме ўдзел у мерапрыемствах 134-й сесіі Камітэта міністраў Савета Еўропы.

15 траўня палітык правядзе ў Познані (Польшча), дзе выступіць на міжнароднай канферэнцыі Impact.

Таксама запланаваны ўдзел дэмлідара ў сустрэчы Еўрапейскай палітычнай супольнасці (EPC), якая пройдзе 16–17 траўня ў Тыране (Албанія).

Раней паведамлялася, што на пасяджэнні Камітэта міністраў СЕ ў Люксембургу “будзе зроблены наступны крок на шляху да фармалізацыі стварэння спецыяльнага трыбунала” па ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Аб завяршэнні працы па стварэнні трыбунала заявіла 9 траўня кааліцыя з 35 дзяржаў — членаў Савета Еўропы. Гэта адбылося па выніках сустрэчы ў Львове (Украіна) міністраў замежных спраў гэтых краін з удзелам вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Каі Калас.

Спікерамі канферэнцыі Impact сёлета, акрамя Ціханоўскай, заяўленыя экс-прэзідэнт ЗША (2009–2017) Барак Абама, былы амерыканскі дзяржсакратар (2013–2017) Джон Кэры, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, польскі міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш, кандыдат у прэзідэнты Польшчы на выбарах 2025 года (галасаванне запланаванае на 18 траўня) Рафал Тшаскоўскі, амерыканскі прафесар Цімаці Снайдэр, які спецыялізуецца на гісторыі Усходняй Еўропы, і інш.

У пленарным пасяджэнні EPC у Тыране анансаваны ўдзел прадстаўнікоў дзяржаў Еўрасаюза, а таксама Албаніі, Андоры, Арменіі, Азербайджана, Босніі і Герцагавіны, Вялікабрытаніі, Грузіі, Ісландыі, Косава, Ліхтэнштэйна, Малдовы, Манака, Чарнагорыі, Паўночнай Македоніі, Нарвегіі, Сан-Марына, Сербіі, Швейцарыі, Турцыі, Украіны.

Падзяліцца: