Мінск 19:01

Смяротнасць на пажарах перавышае леташнюю амаль на 18%

19 траўня, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 18 траўня па 6:00 19 траўня) на пажарах у Беларусі загінуў адзін чалавек, гаворыцца ў дзяжурнай зводцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Трагедыя адбылася ў Дрыбінскім раёне (Магілёўская вобласць), падрабязнасці пакуль не паведамляюцца.

Яшчэ адзін чалавек — пенсіянерка 1964 года нараджэння — памерла ў адной з бальніц Барысава (Мінская вобласць) ад апёкаў, атрыманых на пажары 7 траўня.

З пачатку года ў Беларусі адбылося 2.985 пажараў (годам раней — 2.261; +32%), загінула 285 чалавек (242; +17,8%).

Позірк неаднаразова звяртаў увагу на заніжэнне статыстыкі смяротнасці на пажарах у зводках МНС.

На мінулым тыдні гэта таксама адбывалася. У зводцы, апублікаванай 16 траўня, адзначалася, што ў 2025 годзе на пажарах загінула 282 чалавекі. На наступны дзень МНС інфармавала аб адным загінулым на працягу сутак, аднак у абагульненай табліцы паведамлялася не аб 283 ахвярах агню, а аб 281.

Падзяліцца: