Мінск 15:40

Урад зноў патрабуе атрымліваць ліцэнзіі на ўвоз асобных тавараў з драўніны

Ілюстрацыйнае фота: minsk.pulscen.by

22 траўня, Позірк. Савет міністраў Беларусі чарговы раз увёў патрабаванне атрымліваць ліцэнзію на імпарт асобных тавараў з драўніны. Адпаведная пастанова № 275 ад 20 траўня, апублікаваная 22 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, будзе дзейнічаць сем месяцаў.

У дакуменце гаворка ідзе пра пліты драўнянастружкавыя, з арыентаванай габлюшкай (OSB), драўнянавалакністыя з драўніны ці іншых адраўнелых матэрыялаў з даданнем ці без дадання смол ці іншых арганічных рэчываў. Таксама ў пераліку згадваюцца вокны, балконныя дзверы, іх рамы, папера, кардон, мяшкі з паперы, скрыні і драўляная мэбля.

Разавыя ліцэнзіі на імпарт упаўнаважанае выдаваць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю на ўзгадненне з Беларускім вытворча-гандлёвым канцэрнам лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці (Беллеспаперапрам).

Дзеянне пастановы не распаўсюджваецца на тавары, якія “перамяшчаюцца ў рамках міжнародных транзітных перавозак, якія пачынаюцца і заканчваюцца па-за межамі мытнай тэрыторыі ЕАЭС”, а таксама ў некаторых іншых выпадках, звязаных з дзейнасцю Беларусі ў рамках гэтага аб’яднання.

Не падпадаюць пад ліцэнзаванне тавары, “якія ўвозяцца ў якасці замежнай бязвыплатнай дапамогі; кошт якіх у адпаведнасці з адным транспартным (перавозачным) дакументам не перавышае суму, эквівалентную 200 еўра”.

Да пачатку другой дэкады студзеня 2025 года ў Беларусі дзейнічала ліцэнзаванне імпарту пліт — драўнянастружкавых (ДСП), драўнянавалакністых (ДВП), з арыентаванай габлюшкай (OSB), а таксама драўлянай мэблі для сталовых і жылых пакояў; вокнаў, дзвярэй і іх рам; кардонак, скрынь і скрыначак з гафрыраванай паперы або такога ж кардону, папяровых мяшкоў і пакункаў.

Ліцэнзаванне асобных відаў тавараў з драўніны было ўведзенае 9 верасня 2022 года, з таго часу неаднаразова параўжалася.

Варта адзначыць, што прадукцыя беларускай лясной галіны знаходзіцца пад санкцыямі праз удзел Беларусі ў ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

8 сакавіка 2022 года Міжнародная рада дырэктараў FSC (Лясная апякунская рада — міжнародная арганізацыя, якая адказвае за выкананне стандартаў у кіраванні лясамі і лесапрадукцыяй) вырашыў прыпыніць сертыфікацыю экспарту прадукцыі дрэваапрацоўкі і лясной гаспадаркі Беларусі. За тыдзень да гэтага ЕС увёў забарону на пастаўкі беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі.

Аднак беларуская драўніна трапляе ў ЕС у абыход санкцый. Расследаванне па фактах мытнага махлярства і злачынстваў, звязаных з парушэннем санкцый Еўрасаюза на імпарт бярозавай фанеры з Беларусі і Расіі, праводзіць Мытна-падатковая служба (МПС) Мазавецкага ваяводства Польшчы пад наглядам Акруговай пракуратуры ў Варшаве, паведаміў 12 траўня сайт МПС.

Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, адзначае МПС, адна з польскіх кампаній імпартуе беларускую бярозавую фанеру праз кампаніі з Казахстана.

Сёлета напрыканцы студзеня арганізацыя Earthsigth паведамляла ў сваім расследаванні, што з ліпеня 2022 года, калі Еўрасаюз увёў абмежаванні на імпарт прадукцыі дрэваапрацоўкі з Беларусі і Расіі, па кастрычнік 2024-га ў ЕС закупілі падсанкцыйнай фанеры з гэтых краін на 1,5 млрд еўра.

Фанера з Беларусі і РФ афармляецца як прадукцыя, вырабленая ў іншых краінах, напрыклад, у Кітаі, Казахстане, Грузіі і Турцыі, пасля чаго адпраўляецца на еўрапейскі рынак. Найбуйнейшымі імпарцёрамі выступаюць Польшча, Эстонія, Германія, Грэцыя, Італія, Іспанія і Партугалія. Кожны дзень, сцвярджалася ў расследаванні, у ЕС увозяць 22 кантэйнеры з падсанкцыйным таварам.

Напрыканцы красавіка брытанскае выданне The Guardian паведаміла, што падсанкцыйная беларуская драўніна з Беларусі і РФ увозіцца ў Вялікабрытанію.

Падзяліцца: