Мінск 18:24

ДДБ Літвы прапанаваў увесці крымінальную адказнасць за дэзінфармацыю пасля візіту ў Мінск экс-кандыдата ў прэзідэнты Вайткуса

Фота: сайт Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы

23 траўня, Позірк. Вярнуцца да прапановы аб увядзенні крымінальнай адказнасці за дэзінфармацыю і сабатаж прапанаваў у эфіры радыёстанцыі Žini Rad Radijas дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы (ДДБ) Рэмігіюс Брыдзікіс.

Як паведамляе партал lrt.lt, кіраўнік ДДБ заявіў аб неабходнасці “перагледзець прававую базу”.

“Гэтыя ўсё большыя пагрозы, напружанасць і мэты варожых дзяржаў не знікаюць — яны становяцца больш складанымі”, —  сказаў Брыдзікіс.

У публікацыі гаворыцца, што з ініцыятывай увядзення такой адказнасці літоўскія спецслужбы выступалі ў 2016 годзе.

“Галоўны тэзіс, які мы тады выказалі, заключаўся ў тым, што <…> нам неабходна шукаць спосабы крыміналізацыі падрыўной дзейнасці”, — падкрэсліў дырэктар Дэпартамента дзяржбяспекі.

Паводле яго слоў, падрыўной дзейнасцю можа лічыцца “распаўсюд дэзінфармацыі, арганізацыя сабатажу і аказанне дапамогі варожай дзяржаве ў дзеяннях супраць Літвы”.

Брыдзікіс, як адзначаецца, не стаў каментаваць дзеянні экс-кандыдата ў прэзідэнты Эдуардаса Вайткуса, які нядаўна наведаў Беларусь, але заявіў, што Масква і Мінск “эксплуатавалі і будуць эксплуатаваць асоб, якія выступаюць супраць Літвы і дэмакратычных каштоўнасцяў, якія яна адстойвае”.

Як паведамлялася 15 траўня, паліцыя Вільнюскай акругі пачала расследаванне ў сувязі з заявамі прарасійскага палітыка Вайткуса на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Адзначалася, што расследаванне праводзіцца паводле арт. 118 КК (садзейнічанне замежнай дзяржаве ў дзеяннях супраць Літоўскай Рэспублікі). Санкцыя — пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.

Як паведамляў Позірк, генеральны пракурор Літвы Ніда Грунскене 13 траўня даручыла паліцыі праверыць абставіны, звязаныя з выступамі Вайткуса ў Беларусі.

У Літве звярнулі ўвагу на выказванні палітыка 13 траўня ў беларускіх дзяржСМІ пра тое, што прэзідэнт Гітанас Наўседа нібыта быў абраны незаконна, а балтыйская краіна ідзе па шляху знішчэння літоўцаў і дзяржаўнасці.

Міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч назваў заявы Вайткуса “бздурай”. Пры гэтым, паводле яго слоў, на той момант праваахоўныя органы не далі ацэнку яго візіту ў Мінск.

Старшыня кансерватыўнай партыі “Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты Літвы” Лаўрынас Кашчунас звярнуўся ў Генпракуратуру і ДДБ праз візіт Вайткуса ў Беларусь.

“Паездка Вайткуса ў варожую Літве дзяржаву і публічнае прыніжэнне Літоўскай дзяржавы — гэта паўтарэнне крамлёўскай прапаганды”, — сказаў ён.

Прэм’ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас адзначыў, што рашэнне Генпракуратуры — “вельмі добрая ініцыятыва, для гэтага не патрэбныя палітычныя звароты”.

“Тое, што робіць спадар Вайткус — гэта альбо нейкая медыцынская з’ява або відавочныя дзеянні супраць інтарэсаў Літвы. Гэта антыдзяржаўная дзейнасць”, — заявіў кіраўнік урада, дадаўшы, што кваліфікаваць заявы ў рамках таго ці іншага артыкула Крымінальнага кодэкса — “гэта прэрагатыва і абавязак Генпракуратуры”.

У 2024 годзе Вайткус удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах, ён набраў 7,31% галасоў і заняў пятае месца.

Вайткус у 2008 і 2020 годзе ўдзельнічаў у парламенцкіх выбарах, аднак не быў абраны ў Сейм.

Літва, як і іншыя суседнія з Беларуссю еўрапейскія краіны, неаднаразова папярэджвала сваіх грамадзян пра рызыкі, звязаныя з яе наведваннем.

Вайткус прыбыў у Мінск 13 траўня. Ён даў прэс-канферэнцыю ў офісе дзяржагенцтва БелТА, інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1”, сустрэўся з кіраўніцтвам праўладнай партыі “Белая Русь”.

Сярод іншага ён заявіў пра нібыта нелегітымнасць Наўседы, назваў прадстаўнікоў беларускіх дэмсіл за мяжой “экстрэмістамі”.

Падзяліцца: