Мінск 01:23

За апошнія 18 гадоў жанчыны, якія перанеслі перасадку органаў, нарадзілі 66 дзяцей

Ілюстрацыйнае фота: Marcel Fagin / unsplash.com

27 траўня, Позірк. За апошнія 18 гадоў жанчыны, якія перанеслі перасадку органаў, нарадзілі 66 дзяцей, паведаміла на прэс-канферэнцыі 27 траўня ў Мінску загадчыца навуковай лабараторыі праблем здароўя дзяцей і падлеткаў РНПЦ “Маці і дзіця” Маргарыта Дзевялтоўская.

У такіх жанчын, падкрэсліла яна, нараджаюцца здаровыя дзеці.

Дзевялтоўская паведаміла, што з 2009 года ў Беларусі праведзена больш за 1 тыс. фетальных хірургічных умяшанняў. Яны праводзяцца яшчэ да нараджэння дзіцяці — ва ўлонні маці. Фетальныя хірургія плода выкарыстоўваецца для зніжэння цяжару інваліднасці і працуе як сістэма ранняй хірургічнай карэкцыі парокаў развіцця.

“Выжывальнасць дзяцей, якія нарадзіліся з вагой да кілаграма (гэта экстрэмальна нізкая маса цела пры нараджэнні) на сённяшні дзень складае 91,5%, — адзначыла ўрач. — Такія поспехі магчымыя дзякуючы высокатэхналагічным метадам рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі. Дзякуючы таму, што мы пастаянна пашыраем спектр высокатэхналагічных метадаў, у прыватнасці, ужо на працягу шасці гадоў выкарыстоўваем клеткавую тэрапію ў дзяцей, якія нарадзіліся ў тэрміне гестацыі (тэрмін цяжарнасці. — “Позірк”.) ад 22 да 32 тыдняў”.

“Клетачную тэрапію мы пачынаем на этапе аддзялення рэанімацыі. Тыя дзеці, якія нарадзіліся неданошанымі і атрымлівалі клеткавую тэрапію на працягу першага года жыцця, да ўзросту аднаго года, маюць нармальныя паказчыкі псіханеўралагічнага развіцця. Яны адпавядаюць тым паказчыкам, якія маюць дзеці, што нарадзіліся даношанымі”, — дадала Дзевялтоўская.

Як паведамлялася раней, у траўні 2022 года ў Беларусі ўпершыню ўнутрыўлонна выдалілі прыроджаную дыяфрагмальную грыжу плода на тэрміне цяжарнасці жанчыны 26 тыдняў. Аперацыю паспяхова правялі супрацоўнікі цэнтра “Маці і дзіця” сумесна са спецыялістамі Нацыянальнага медычнага даследчага цэнтра акушэрства, гінекалогіі і перынаталогіі (Масква).

Грыжа ў плода была дыягнаставаная падчас прэнатальнага скрынінга другога трыместра цяжарнасці, ад перапынення якой з медыка-генетычных паказанняў сям’я катэгарычна адмовілася. Парок развіцця прывёў да таго, што ў грудной клетцы плода злева размяшчаліся страўнік, петлі кішачніка і доля печані.

Падзяліцца: