Мінск 03:10

У 2025 годзе больш за палову новых “Мэрсэдэсаў” увозіцца ў РФ з Беларусі

Фота: mbbelarus.by

27 траўня, Позірк. З сакавіка 2022 года па красавік 2025-га ў Расійскую Федэрацыю ўвезена 19,2 тыс. новых легкавых аўтамабіляў “Мэрсэдэс”, 36,5% з якіх — з Беларусі, паведаміў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік расійскага праекта “Аўтастат” Сяргей Целікаў.

Беларусь, паводле яго слоў, з’яўляецца “найбуйнейшым каналам” паставак аўтамабіляў гэтага брэнда ў РФ.

Пасля ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну, адзначыў Целікаў, з Кыргызстана ўвезена 16,8% легкавых “Мэрсэдэсаў”, з Германіі — 10,6%. Далей ідуць: Паўднёвая Карэя (6,7%), Эстонія (6,5%), Казахстан (5,1%), Турцыя (3,5%), Арменія (3,3%), Кітай (2,4%) і Грузія (2%).

Пры гэтым у 2025 годзе доля Беларусі ў такім імпарце складае 53%.

Штомесяц, паводле звестак Целікава, у Расію ўвозіцца больш за 500 новых легкавых “Мэрсэдэсаў”.

Кіраўнік “Аўтастата” нагадаў, што кампанія “Мэрсэдэс” сышла з расійскага рынку пасля пачатку вайны ва Украіне.

Улады Грузіі забаранілі з 15 траўня грамадзянам Беларусі і Расіі рээкспартаваць аўтамабілі і спецтэхніку праз тэрыторыю краіны. Змены закранаюць легкавыя аўтамабілі, бульдозеры, экскаватары, грэйдары, трактары.

Удакладняецца, што рээкспарт транспартных сродкаў у Беларусь і РФ быў забаронены і раней, аднак грамадзяне гэтых краін “маглі афармляць вываз аўтамабіляў з Грузіі ў трэція дзяржавы”. Цяпер такая магчымасць выключаная.

12 сакавіка паведамлялася пра затрыманне ў Германіі 46-гадовай грамадзянкі Беларусі, якую абвінавацілі ў парушэнні санкцый Еўрасаюза супраць Расіі.

Па месцы жыхарства жанчыны быў праведзены вобшук, канфіскаваныя чатыры дарагія аўтамабілі і два прычэпы-халадзільнікі, яшчэ адзін аўтамабіль арыштаваны як рэчавы доказ. Таксама былі забраныя дзелавыя дакументы і носьбіты інфармацыі.

Сцвярджалася, што з 5 красавіка 2022 года беларуска разам з двума саўдзельнікамі экспартавала ў Расію 186 дарагіх аўтамабіляў пад выглядам паставак у Беларусь, Кыргызстан, Таджыкістан і Узбекістан. Такім чынам працавала схема абыходу еўрапейскіх санкцый супраць РФ у дачыненні да прадметаў раскошы.

Паводле папярэдніх даных, затрыманая вывезла ў Расію 192 аўтамабілі агульным коштам 21 млн 413 тыс. 161,31 еўра.

Паводле даных кансалтынгавай кампаніі “АСМ-холдынг” (РФ), у красавіку 2025 года на расійскім рынку было рэалізавана 712 легкавых аўтамабіляў “Мэрсэдэс” (у мінулым годзе — 843; −15,5%), за студзень — красавік — 2.015 (2.580; −21,9%).

Раней “Позірк” паведамляў, што беларуска-кітайскі вытворца “БелДжы” (BelGee) у красавіку 2025 года прадаў на расійскім рынку 3.909 новых легкавых аўтамабіляў — на 29,4% больш, чым годам раней (3.020), а за чатыры месяцы — 10.154 (7.364; +37,9%).

Падзяліцца: