Мінск 10:34

Ціханоўская: Я ведаю, што Сяргей верыць у беларусаў — гэта матывуе не спыняцца

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

29 траўня, Позірк. Арышт Сяргея Ціханоўская падзяліў жыццё яго сям’і на “да” і “пасля”, заявіла 29 траўня жонка блогера, дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Палітык выступіла са зваротам на сваім ютуб-канале з нагоды пятай гадавіны затрымання мужа.

“Рэжым [Аляксандра Лукашэнкі] забраў у мяне мужа, у дзяцей — бацьку, у маці — сына”, — сказала Ціханоўская.

Паводле яе слоў, праз падобныя цяжкасці “прайшлі і праходзяць тысячы сем’яў у Беларусі”.

“Гэта боль, якая не сканчаецца, але з якім я вучуся жыць кожны дзень на працягу пяці гадоў, — адзначыла яна. — Тады, у 2020-м, я думала, што ўсё атрымаецца. Бо ведаю характар Сяргея — ён заўсёды дамагаўся мэты, заўсёды знаходзіў выхад і ніколі не здаваўся. Я хацела быць побач, падтрымаць яго барацьбу. І пасля затрымання адзінае, што я магла зрабіць, гэта працягваць тое, што пачаў ён, не даць згаснуць іскры, якую ён запаліў у людзях. І не падвесці — ні яго, ні тых, хто паверыў у нас”.

Ціханоўская падкрэсліла, што ўжо тады разумела: “будзе цяжка”, аднак яна “не ўяўляла, наколькі”. “Жыць без яго голасу, не мець магчымасці параіцца, расказаць пра сумневы, паплакаць на яго плячы. Глядзець, як нашы дзеці растуць без таты ледзь не палову свайго жыцця. Адчуваць адзіноту, нават калі вакол тысячы людзей. Перажываць за кожнага і кожную, хто стаў закладнікам рэжыму”, — удакладніла палітык.

На яе думку, да такога нельга прывыкнуць, але яна “навучылася ператвараць гэты боль у сілу”, “дзякуючы і дзеля” мужа.

“Я ведаю, што ты нязломны — і гэта наймацнейшая падтрымка для мяне. Я ведаю, што ты верыш у нас, беларусаў, у тое, што мы робім. І гэта матывуе не спыняцца. Бо мы ўсе памятаем: толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцця”, — падкрэсліла дэмлідар.

У 2019 годзе Ціханоўскі стварыў ютуб-канал “Краіна для жыцця”, які хутка стаў папулярным сярод беларусаў. Блогер наведваў рэгіёны Беларусі, сустракаўся з падпісантамі, браў у іх інтэрв’ю, падчас якіх мясцовыя жыхары распавядалі пра свае праблемы, крытыкавалі ўлады.

Ціханоўскі выказаў жаданне балатавацца на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе, аднак перад пачаткам выбарчай кампаніі быў арыштаваны паводле адміністрацыйнага абвінавачвання за “арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства” і не змог асабіста падаць дакументы ў Цэнтрвыбаркам. Па даверанасці гэта зрабіла яго жонка Святлана Ціханоўская, але ЦВК не зарэгістраваў блогера ў якасці прэтэндэнта ў кандыдаты, паколькі даверанасць, як сцвярджалася, не была ім падпісаная.

Пасля гэтага дакументы падала Ціханоўская, і Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў яе ў якасці прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду.

Пасля заканчэння адміністрацыйнага арышту Ціханоўскі стаў даверанай асобай жонкі і далучыўся да кампаніі па зборы подпісаў за яе вылучэнне. 29 траўня 2020 года ён быў затрыманы ў Гродне пасля правакацыі падчас чарговага пікету па зборы подпісаў.

У сакавіку 2021 года Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да Ціханоўскага. 14 снежня 2021-га ён быў прыгавораны да 18 гадоў пазбаўлення волі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

27 лютага 2023 года яму дадалі яшчэ 1,5 года зняволення за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”.

Падзяліцца: