Створаная для падтрымкі Лукашэнкі партыя “Белая Русь” атрымала прэферэнцыі па арэндзе

31 траўня, Позірк. Створаная два гады таму для падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі партыя “Белая Русь” і яе арганізацыйныя структуры атрымалі права наймаць памяшканні, якія знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы і гаспадарчых таварыстваў, з паніжальным каэфіцыентам 0,1 да базавай арэнднай стаўкі, вынікае з пастановы Савета міністраў № 294 ад 29 траўня.
Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 31 траўня. У ім змяшчаецца пералік нерухомасці, што належыць дзяржаве або гаспадарчым таварыствам, якую арандуе партыя і яе структуры. Гэта 118 памяшканняў: у Брэсцкай вобласці — 19 (у тым ліку ў столінскім кінатэатры “Экран”), Віцебскай — 15 (у т.л. у будынку Наваполацкага гарвыканкама), Гомельскай — 21 (у т.л. у дамах культуры), Гродзенскай — 18 (у т.л. у інтэрнатах), Мінскай — 20 (у т.л. у навучальных установах, будынках Заслаўскага і Жодзінскага гарвыканкамаў), Магілёўскай — 16 (у т.л. у бібліятэках, будынках Дрыбінскага і Хоцімскага райвыканкамаў), Мінску — 9 (у тым ліку ў школе, палацы культуры, у будынках грамадскага харчавання).
Згодна з заканадаўствам, месячная плата за арэнду дзяржмаёмасці разлічваецца паводле формулы: плошча (у квадратных метрах) × базавая арэндная стаўка (на 1 красавіка 2025 года — 18,77 рубля) × каэфіцыент. Такім чынам, арэнда, напрыклад, памяшкання плошчай 100 кв. м для “Белай Русі” складзе не 1.877 рублёў, а — з улікам паніжальнага каэфіцыента 0,1 — 187,7 рубля.
Першай партыяй, якая атрымала прэферэнцыі па арэндзе памяшканняў, стала Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі (ЛДП; пастанова ўрада № 642 ад 3 верасня 2024 года).
Максімальна лаяльная Лукашэнку “Беларуская партыя “Белая Русь” заснаваная ў сакавіку і зарэгістраваная ў траўні 2023 года. З’явілася на базе аднайменнага грамадскага аб’яднання (пры яго захаванні), створанага ў 2007 годзе для дэманстрацыі нібыта шырокай падтрымкі курсу ўладаў. Партыю ўзначаліў Алег Раманаў, які раней кіраваў аб’яднаннем.
15 лютага 2024 года “Белая Русь” падпісала пагадненне “аб узаемадзеянні і супрацы” з расійскай партыяй улады “Адзіная Расія” (“Единая Россия”).
“Белая Русь” стала першай палітычнай партыяй, зарэгістраванай у Беларусі за апошнія два дзесяцігоддзі. У 2000 годзе афіцыйнай рэгістрацыі дамаглася Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, пасля яе шматлікія спробы іншых палітычных суб’ектаў — апазіцыйных “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”, Партыі свабоды і прагрэсу, праўладнай партыі “Саюз” — былі беспаспяховымі.
Напрыканцы 2022 года Лукашэнка заявіў, што “на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі”. У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які пастрожыў патрабаванні да палітычных сіл і абавязаў усе існыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі.
У выніку ўлетку і ўвосень 2023 года было скасавана 12 палітычных сіл — Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная Партыя партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”, Беларуская аграрная партыя (самаліквідавалася).
У краіне засталося чатыры праўладныя партыі — згаданыя “Белая Русь” і ЛДП, а таксама Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППС).
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка звярнуў увагу на тое, што ў працэсе перафарматавання партыйнага поля Беларусі рэжым Лукашэнкі фактычна скапіяваў структуру ніжняй палаты расійскага парламента. “Белую Русь” ён параўнаў з “Адзінай Расіяй”, а КПБ, ЛДП і РППС — з Камуністычнай партыяй Расійскай Федэрацыі, Ліберальна-дэмакратычнай партыяй Расіі і партыяй “Справядлівая Расія — Патрыёты — За праўду” адпаведна.

- ГрамадстваЗа першы квартал 2025 года ў ДТЗ на беларускіх дарогах загінула або траўмавалася 735 жывёл (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаКолькасць выпушчаных у Беларусі банкаўскіх карт амаль дасягнула 20 млн (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаПратэрмінаваная запазычанасць прыватнага сектара па крэдытах вырасла за год у 5,5 раза (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаУ Гомелі і вобласці КДБ працягвае праверку адвакатаў — крыніца (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка