Офіс Ціханоўскай прапануе правесці люстрацыю ў Беларусі праз самадэклараванне

3 чэрвеня, Позірк. У беларускай дзяржаве прапануецца правесці люстрацыю праз самадэклараванне, вынікае з распрацаванай Офісам дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай канцэпцыі “Люстрацыя для Беларусі”.
Дарадца палітыка па прававых пытаннях Леанід Марозаў 3 чэрвеня публічна прадставіў гэты дакумент у Офісе дэмакратычных сіл у Таліне (Эстонія).
Пад люстрацыяй у канцэпцыі разумеюцца заканадаўчыя захады ў дачыненні да палітычнай эліты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якія абмяжуюць “членаў і калабарацыяністаў былых рэпрэсіўных рэжымаў” ад заняцця шэрагу дзяржаўных пасад, пастоў у дзяржкіраванні або іншых пасад з “моцным грамадскім уплывам” — “пасля падзення аўтарытарнага рэжыму”.
У канцэпцыі ўводзіцца панятак “абароненых пасад”, прэтэндэнты на якія абавязаныя раскрыць сваю дзейнасць пры рэжыме Лукашэнкі паводле пэўнага алгарытму — правесці самадэклараванне і праверку. Дэкларацыя патрабуе пазначыць месцы працы, удзел у парушэннях правоў.
Праходзіць праверку, згодна з дакументам, павінны суддзі ўсіх узроўняў, службовыя асобы пенітэнцыярнай сістэмы, супрацоўнікі праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай бяспекі, найвышэйшы і сярэдні камандны склад Узброеных сіл, службовыя асобы выканаўчай улады; рэктары, іх намеснікі і дэканы дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў; кіраўнікі і намеснікі кіраўнікоў дзяржтэлеканалаў, радыёстанцый, газет і інтэрнэт-парталаў, галоўныя рэдактары і рэдактары аддзелаў дзяржСМІ; члены Цэнтрвыбаркама, старшыні, іх намеснікі і сакратары тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій; члены парламента, прэзідэнт, а таксама прадстаўнікі органаў, якія ажыццяўляюць працэдуры люстрацыі.
Адмова ад самадэкларавання, як пазначана ў канцэпцыі, будзе падставай для звальнення. Дакладнасць пападзеных звестак правераць незалежныя органы. У выпадку выяўлення ілжывай інфармацыі мяркуецца звальненне і забарона на дзяржслужбу.
Адзначаецца, што забарона на пасаду ўводзіцца толькі пры ўтойванні інфармацыі ці хлусні, а не пры выяўленні факта супрацы з рэжымам. Сама супраца не будзе падставай для звальнення.
Праводзіць люстрацыю, як мяркуецца, будзе Інстытут нацыянальнай памяці Беларусі (ІНПБ), пры якім створаць Люстрацыйнае бюро — структуру, адказную за люстрацыйнае дэклараванне і праверку адпаведных дэкларацый.
Згодна з канцэпцыяй, люстрацыя не закране злачынцаў. У дакуменце падкрэсліваецца, што ў “правасуддзя пераходнага перыяду” два асноўныя кірункі: рэабілітацыя ахвяр рэжыму і законнае пакаранне за злачынствы (забойствы, катаванні, злоўжыванне ўладай, карупцыя і г.д.). Адзначаецца, што пакаранне не ёсць праблемай, бо названыя злачынствы лічацца такімі і пры рэжыме Лукашэнкі.
Пытанне пра працэдуру люстрацыі ў Беларусі, гаворыцца ў канцэпцыі, становіцца актуальным на фоне працяглага палітычнага крызісу ў Беларусі, дзе з 2020 года “працягваецца дзяржаўны тэрор, які суправаджаецца адвольнымі затрыманнямі, катаваннямі, сэксуалізаваным і гендарным гвалтам”.
Узгадваецца даклад вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, дзе гэтыя дзеянні названыя магчымымі злачынствамі супраць чалавечнасці. Паводле даных з канцэпцыі, зафіксавана сама меней пяць смерцяў пратэстоўцаў і шэсць смерцяў палітвязняў, больш за 100 выпадкаў сэксуальнага гвалту, звыш 74 тыс. фактаў рэпрэсій, каля 65 тыс. затрыманых з палітычных матываў. Пры гэтым аніводнай справы па катаваннях не ўзбуджана.
Сцвярджаецца, што з краіны з’ехала да 600 тыс. чалавек.
На думку аўтараў дакумента, люстрацыя важная для аднаўлення справядлівасці, прадухілення вяртання да аўтарытарызму, умацавання даверу да ўлады, а таксама для “дэмакратычнага пераходу пасля шматгадовых рэпрэсій”.
“Асноўнай мэтай люстрацыі ў Беларусі з’яўляецца забеспячэнне паспяховага пераходу да дэмакратычнага кіравання. Укараненне люстрацыйных мер мае садзейнічаць стварэнню ўстойлівай, празрыстай і падсправаздачнай дзяржаўнай сістэмы, свабоднай ад уплыву былога аўтарытарнага рэжыму. Гэта таксама неабходна для аднаўлення даверу грамадзян да дзяржаўных інстытутаў і дзяржаўнай службы”, — адзначаецца ў канцэпцыі.

- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаЛатвія зафіксавала рэкордную за апошні месяц колькасць спробаў незаконнага пранікнення з БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 4 чэрвеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаСкарачаецца колькасць краін, куды пастаўляецца прадукцыя беларускага легпрама — даныя Белстата (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка