Мінск 19:55

За апошні месяц мытня Беларусі не прапусціла ў РФ 105 т яблыкаў і груш

Фота: прэс-служба ДМК

5 чэрвеня, Позірк. За апошні месяц мытня Беларусі не прапусціла ў Расію шэсць грузавікоў, якія перавозілі агулам 105 тон яблыкаў і груш, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК).

Паходжанне садавіны не раскрываецца, як і даты затрымання грузаў.

Два грузавыя аўтамабілі былі спыненыя для праверкі ў Віцебскай вобласці. У іх знаходзілася каля 40 т груш коштам больш за 350 тыс. рублёў.

Яшчэ чатыры грузавікі з 65 т яблыкаў коштам 340 тыс. рублёў спынілі мытнікі ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях.

На ўсе згаданыя грузы ў кіроўцаў не было суправаджальных дакументаў, адзначае ДМК.

У дачыненні да перавозчыкаў і кіроўцаў распачатыя адміністрацыйныя працэсы паводле арт. 13.12 КаАП (парушэнне парадку набыцця, захоўвання, выкарыстання ў вытворчасці, транспартавання, водпуску і рэалізацыі тавараў). Санкцыя ў дачыненні да фізічнай асобы — штраф у памеры 30 базавых велічынь (1.260 рублёў), індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб — да 50% кошту “прадмета адміністрацыйнага правапарушэння”.

Раней “Позірк” паведамляў, што ў красавіку 2025 года 31% экспарту яблыкаў з Польшчы за межы Еўрасаюза прыпаў на Беларусь.

Паводле інфармацыі профільнага медыя Sad24, на беларускі рынак было пастаўлена 8.841 т яблыкаў. Для параўнання: у сакавіку — 1.500 т.

Адзначалася, што ў пастаўках польскіх яблыкаў за межы ЕС беларускі кірунак быў лідарам. Далей ішлі Казахстан (7.691 т), Егіпет (2.235 т), Індыя (1.354 т), Манголія (1.162 т).

У сярэдзіне красавіка ў Беларусі скончыўся трохмесячны тэрмін дзеяння патрабавання, паводле якога для вывазу шэрагу тавараў, у тым ліку яблыкаў, трэба было атрымліваць ліцэнзію. Такім чынам, з другой паловы красавіка беларускія суб’екты гаспадарання мелі магчымасць свабодна рээкспартаваць польскія яблыкі.

27 траўня ўрад зняў забарону на ўвоз у Беларусь з “недружалюбных краін” бульбы, рэпчатай цыбулі, белакачаннай капусты і яблыкаў. Гэта было названа “адказам на чарговыя санкцыі ЕС” — такімі ўлады палічылі ўхвалены 22 траўня Еўрапейскім парламентам праект рашэння аб увядзенні падвышаных мытных пошлін на ўвоз у ЕС сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі.

Паводле даных Белстата, у першым квартале 2025 года сярод сезонных тавараў у найбольшай ступені падаражэлі менавіта яблыкі (+25,94%), за чатыры месяцы 2025-га кошт яблыкаў павялічыўся на 27,11%.

Падзяліцца: