Мінск 05:19

Патрыярх Кірыл заявіў у Мінску, што ў царква не мае “палітычных мэт”, якія ідуць уразрэз з інтарэсамі “народа і дзяржавы”

Патрыярх Кірыл
Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

6 чэрвеня, ПозіркДзеянне царквы “заўсёды пазбаўленае нейкіх палітычных мэт, якія былі б супрацьлеглыя інтарэсам народа і дзяржавы”, заявіў патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл (Гундзяеў) 6 чэрвеня ў Мінску на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Паводле яго слоў, якія прыводзяць дзяржаўныя СМІ, “гэтую лінію” ў Рускай праваслаўнай царкве “заўсёды падтрымлівалі”.

“Не павінна быць у царкве ніякіх імкненняў да развіцця цэнтрабежных тэндэнцый у грамадстве. Наадварот, толькі да яднання”, — дадаў Кірыл.

Маскоўскі патрыярх сцвярджае, што з’яўляецца прыхільнікам развіцця стасункаў з Рымска-каталіцкай царквой, якія “маглі б быць вельмі важным фактарам, што садзейнічае прымірэнню там, дзе ідуць войны, важным фактарам развіцця даверу паміж краінамі і народамі”.

Кажучы пра вайну, Кірыл адзначыў, што “нават калі нешта ажыццяўляецца ў імя высакародных мэт, гэта заўсёды суправаджаецца ахвярамі і пакутамі людзей”.

“Таму царква не можа мець іншага паслання, як тое, што, калі немагчыма цалкам выключыць гэтыя пакуты, іх трэба максімальна мінімізаваць. І гэта ў першую чаргу тычыцца лёсу палонных людзей”, — сказаў кіраўнік РПЦ, які неаднаразова выказваўся ў падтрымку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Праваслаўны іерарх заявіў, што адчувае сябе ў Беларусі “сваім сярод сваіх”.

Кірыл нагадаў, што з’яўляецца “патрыярхам усяе Русі, у тым ліку Беларусі”. “І для мяне гэты фактар ​​— сапраўднага сяброўства, узаемадапамогі — з’яўляецца вельмі важным паказчыкам таго, што складаецца ў міждзяржаўных стасунках. Таму хацеў бы асабіста вам падзякаваць, у вашай асобе выказаць падзяку і ўдзячнасць усяму беларускаму народу”, — сказаў прадстаяцель РПЦ, звяртаючыся да Лукашэнкі.

Кірыл узнагародзіў беларускага палітыка ордэнам святога благавернага князя Данііла Маскоўскага I ступені за “ўвагу да развіцця царкоўна-дзяржаўных стасункаў”.

Лукашэнка ў сваю чаргу падзякаваў патрыярху Маскоўскаму за тое, што той знайшоў “магчымасць на вялізнай тэрыторыі Рускай праваслаўнай царквы наведаць Беларусь”.

Патрыярх Кірыл неаднаразова наведваў Беларусь з афіцыйнымі візітамі. Папярэдні раз ён быў у чэрвені 2022 года — удзельнічаў ва ўрачыстасцях, прысвечаных 1030-годдзю праваслаўя на беларускіх землях і стварэнню Полацкай епархіі.

Некаторыя ініцыятывы структур праваслаўнай царквы ў Беларусі наўпрост падтрымліваюць “рускі свет” і расійскую ваенную агрэсію ва Украіне. Напрыклад, Свята-Елісавецінскі манастыр арганізуе канцэрты ў падтрымку расійскай арміі і збірае прыпасы і сродкі для расійскіх вайскоўцаў. Публічна манастыр паведамляе пра “гуманітарную дапамогу” жыхарам Данбаса.

Праваслаўе лічыцца канфесіяй, што дамінуе ў Беларусі.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. РПЦ у Расіі штодня моліцца пра “перамогу”.

Падзяліцца: