Мінск 07:13

Пытанне адказнасці Лукашэнкі абмеркавалі дэмсілы з прадстаўнікамі МЗС Бельгіі і Аўстраліі

6 чэрвеня, Позірк. Пытанні адказнасці Аляксандра Лукашэнкі за ўчыненыя ім злачынствы абмеркавалі з амбасадарам Бельгіі ў Варшаве Рыкам Ван Драагенброкам і намеснікам кіраўніка місіі Элізай Кастальда прадстаўнікі дэмакратычных сіл, паведамляе прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК).

На сустрэчы прысутнічаў намеснік кіраўніка АПК, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка і спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан.

Таксама гаворка ішла пра будучыя сумесныя з Расіяй ваенныя вучэнні “Захад-2025” на тэрыторыі Беларусі. Бельгійскаму боку быў перададзены даклад “Сістэмная падрыхтоўка рэжыму Лукашэнкі да магчымага ўступлення ў вайну на баку Расіі і рэкамендацыі па прадухіленні гэтага сцэнарыя”

Акрамя гэтага, тэмай былі рэпрэсіі ў Беларусі, магчымасці падтрымкі незалежных медыя і дэмакратычных інстытутаў”.

У гэты ж дзень адбылася сустрэча Латушкі і прадстаўнікоў каманды НАУ з дырэктарам Дэпартамента Расіі Міністэрства замежных спраў і гандлю Аўстраліі Ліамам Нэвілі і другім сакратаром амбасады Аўстраліі ў Маскве Дамінікам Бэйлі.

Бакі “абмеркавалі гатоўнасць падтрымліваць рашэнні, якія прымаюцца ў рамках Савета па правах чалавека ААН па фактах масавага парушэння правоў чалавека ў Беларусі; магчымую падтрымку з боку Аўстраліі ў справе прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі”.

Прадстаўнікі Канберы, як сцвярджаецца, “выказалі гатоўнасць падтрымліваць дзеянні дэмакратычных сіл Беларусі, накіраваныя на дэмакратычныя змены ў краіне”, адзначае АПК”.

У згаданым дакладзе адзначаецца, што Міжнародная супольнасць павінна “нанесці папераджальны санкцыйны ўдар, каб прадухіліць магчымае паўторнае ўварванне з тэрыторыі Беларусі ва Украіну ці агрэсію супраць краін НАТО“.

Дакумент падрыхтаваны Народным антыкрызісным упраўленнем (НАУ) і прадстаўніцтвам Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па транзіце ўлады.

Падзяліцца: