Мінск 20:45

Дзве службовыя асобы прыгавораныя да абмежавання волі за халатнасць з гібеллю 16-гадовага школьніка

8 чэрвеня, Позірк. Вынесены прыгавор двум службовым асобам, якіх у рамках крымінальнай справы абвінавачвалі ў службовай халатнасці (ч. 2 арт. 428 КК), якая пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, паведамляе дзяржагенцтва “Мінск-Навіны”.

Абвінавачаным 39 і 53 гадоў, адзначаецца, што яны з’яўляюцца “работнікамі аднаго прадпрыемства”. “Адзін з іх — намеснік дырэктара, другі — начальнік энергамеханічнай службы. Абодва, згодна з загадам кіраўніка арганізацыі, з’яўляліся адказнымі за бяспечную эксплуатацыю электраўстановак”, — удакладняе агенцтва.

Паведамляецца, што ў чэрвені 2023 года прадпрыемства набыло ў Мінску пад знос будынкі на вул. Маўра, якія раней належалі цэглаваму заводу. “Нягледзячы на тое, што будынкі выведзеныя з эксплуатацыі, трансфарматарная падстанцыя не была адключаная і знаходзілася пад напругай”, — гаворыцца ў матэрыяле.

“Праз нейкі час у адрас новага ўласніка сталі прыходзіць афіцыйныя лісты, у якіх указвалася на неабходнасць рамонту кабельнай лініі. Аднак абвінавачаныя рыхтавалі адказы, што іх прадпрыемства не мае намеру гэтым займацца, паколькі дзяржаўная рэгістрацыя пераходу права уласнасці на будынкі адсутнічае”, — адзначаецца ў публікацыі.

Сцвярджаецца, што “на працягу доўгага часу” службовыя асобы “нават не правяралі, ці абмежаваны доступ старонніх у тыя закінутыя будынкі і да змешчаных у іх трансфарматарных скрыняў, наяўнасць адпаведных пазначэнняў, якія папярэджваюць аб небяспецы”.

Увечары 5 студзеня 2025 года “стала вядома пра трагедыю”: “Два падлеткі, якія захапляліся электронікай, бесперашкодна праніклі ў адно з гэтых неэксплутаваных памяшканняў. Электрычныя шчыткі і металічныя скрыні з ячэйкамі былі не зачыненыя, з іх тырчалі правады. Дзесяцікласнік вырашыў зрэзаць медныя кабелі, аднак тыя аказаліся пад высокай напругай і ад дотыку да іх 16-гадовы падлетак атрымаў электратраўму, на ім загарэліся валасы і куртка. Другі школьнік патушыў полымя, выклікаў хуткую, стаў аказваць сябру першую дапамогу. Медыкі, якія прыехалі, праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы, але атрыманая юнаком электратраўма аказалася несумяшчальнай з жыццём”.

“Абвінавачаныя афіцыйна працаўладкаваныя, малодшы з іх раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за ўчыненне хуліган ства, — заявіла памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Юлія Бурчыц. — Суд прызнаў іх вінаватымі ў неналежным выкананні службовай асобай сваіх службовых абавязкаў з прычыны нядобрасумленнага і нядбайнага стаўлення да службы, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека”.

Службовыя асобы прыгавораныя да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ), ім таксама забаронена на працягу пяці гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.

Пры гэтым на падставе закона аб амністыі тэрмін пакарання кожнаму скарочаны на адзін год.

Звяртаецца ўвага, што намеснік дырэктара прадпрыемства прызнаў віну часткова, начальнік энэргамеханічнай службы — цалкам.

З прадпрыемства на карысць маці загінулага падлетка спагнаная кампенсацыя маральнай шкоды ў памеры 60 тыс. рублёў.

Падзяліцца: