Мінск 04:42

Законапраект аб нацыянальных санкцыях Літвы супраць Беларусі і РФ будзе разгледжаны на наступным тыдні — МЗС

12 чэрвеня, Позірк. Прапанову аб магчымасці ўвядзення нацыянальных эканамічных санкцый Літвы супраць Расіі і Беларусі Сейм разгледзіць на наступным тыдні, заявіў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс, паведамляе Delfi.

Першапачаткова разгледзець праект планавалася 12 чэрвеня.

У сваю чаргу, прэм’ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас, рэагуючы на крытычныя выказванні апазіцыі, якая заявіла, што ўрад у гэтым пытанні “не кантралюе сітуацыю“, адзначыў, што па тэме прыняцця санкцый “раздзімаецца дзіўная бурбалка“.

Паводле яго слоў, затрымка разгляду праекта выкліканая дадатковымі прапановамі МЗС:“Я не бачу абсалютна ніякай драмы”.

14 красавіка літоўскі прэм’ер заявіў, што калі ў дачыненні да Беларусі і РФ “больш не будзе еўрапейскіх сектаральных санкцый“, то абмежавальныя меры могуць быць нацыянальнымі, яны павінны быць прынятыя хаця б на рэгіянальным узроўні.

Ён прызнаў, што ў выпадку непадоўжання еўрапейскіх санкцый дамагчыся такога ж эфекту з дапамогай нацыянальных сектаральных санкцый будзе складана. “Нам трэба падрыхтавацца, нам трэба пралічыць, нам трэба ўзважыць, калі такой дамоўленасці не будзе — гэта будзе вельмі нядобра“, — заявіў Палуцкас, падкрэсліўшы, што нацыянальныя абмежавальныя меры не могуць кампенсаваць еўрапейскія.

Калі ўлады Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Фінляндыі адмовяцца ўводзіць нацыянальныя санкцыі, то Літва, прыняўшы такія пастановы асобна, не дасягне ніякіх мэтаў, а шкода будзе адчувальнай, дадаў кіраўнік літоўскага ўрада.

11 красавіка прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што ўжыванне санкцый асобнымі дзяржавамі “робіць на агрэсара значна меншае ўздзеянне“. Наўседа выступіў за тое, каб санкцыі ЕС не проста падаўжаліся: “Мы павінны гаварыць і дзейнічаць”.

Зараз Еўрасаюз разглядае магчымасць увядзення 18-га пакета санкцый супраць Расіі за вайсковую агрэсію супраць Украіны. Мяркуецца, што ў яго могуць быць уключаны беларускія прадпрыемствы.

17 красавіка Сейм Літвы падоўжыў на чарговы год санкцыі для грамадзян Беларусі і Расіі.

Падзяліцца: