Мінск 03:47

Беларусь, імаверна, паспрабуе адвесці сумесныя з РФ вучэнні падалей ад мяжы з Украінай, заяўляе Зяленскі

Архіўнае відэа: The Guardian / стоп-кадр: "Позірк"

14 чэрвеня, Позірк. Беларусь, імаверна, паспрабуе адвесці сумесныя з Расіяй вучэнні “крыху ўглыб” сваёй тэрыторыі, падалей ад мяжы з Украінай, каб пазбегнуць правакацый, заявіў 13 чэрвеня журналістам украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі са спасылкай на даныя Службы знешняй выведкі.

Ён не канкрэтызаваў вучэнні, аднак, з ўсёй бачнасці, гаворка пра беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні “Захад-2025”, якія пройдуць сёлета ў верасні.

Гэтую тэму ўкраінскі прэзідэнт закрануў, каментуючы магчымасць расійскага наступу на Жытомірскую, Валынскую і Чарнігаўскую вобласці пад выглядам вучэнняў на тэрыторыі Беларусі.

“Пытанне зразумелае, таму што поўнамаштабны наступ адбыўся [у лютым 2022 года] з гэтага кірунку і пасля адпаведных вучэнняў, — цытуе Зяленскага інфармагенцтва УНІАН. — Я думаю, сам [Аляксандр] Лукашэнка баіцца, што мы ва Украіне будзем лічыць, што прысутнасць кантынгенту на вучэннях — гэта падрыхтоўка да наступальных дзеянняў. Ён разумее пасля нашых крокаў у адказ на Курскім кірунку, на што мы здольныя, калі будзем адчуваць пагрозу”.

Палітык прызнаў, што не ведае, ці праўда вайскоўцы будуць імкнуцца адсунуцца ад межаў Украіны. “Проста ў мяне пару дзён таму быў апошні даклад Службы знешняй выведкі, і быў такі сігнал. Але ўсё гэта трэба правяраць. Рызыка з вучэннямі “рускіх” гістарычна нам ужо, на жаль, вядомая”, — дадаў ён (захаванае арыгінальнае напісанне).

Раней Зяленскі неаднаразова заяўляў пра планаванае нарошчванне расійскай вайсковай моцы і магчымасць узброенага ўварвання арміі РФ на тэрыторыю Польшчы, Літвы і Латвіі з тэрыторыі Беларусі па аналогіі з падзеямі 24 лютага 2022 года. Тады расійскае ваеннае ўварванне ва Украіну часткова ажыццяўлялася з тэрыторыі Беларусі пасля заканчэння сумесных вайсковых вучэнняў.

28 траўня міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў на сустрэчы з калегамі з краін АДКБ пра “зніжэнне параметраў” вучэнняў “Захад-2025” і перанос манеўраў ад межаў углыб Беларусі.

Падзяліцца: