Мінск 22:49

Восем банкаў абвясцілі аб новаўвядзеннях у працы з кліентамі

15 чэрвеня, Позірк. Восем банкаў, якія працуюць у Беларусі, паведамілі аб змене асобных правіл абслугоўвання і прадставілі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены “Позіркам” маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

“Банк БелВЭБ” будзе спаганяць з фізічных асоб з 16 чэрвеня 60 рублёў за атрыманне даведак па банкаўскіх і іншых рахунках на англійскай мове, а таксама 20 рублёў — за прыём ад фізічных асоб і залічэнне наяўнай валюты на рахунак арганізацыі з дыпламатычным статусам.

“Банк ВТБ (Беларусь)” знізіў працэнтныя стаўкі для фізічных асоб па новых адзыўных і безадзыўных укладах у беларускіх рублях па нанова адкрываемых безадзыўных укладах у залежнасці ад абранага тэрміну на 0,4–4,3 працэнтных пункта.

Банк Дабрабыт спыніў выпуск і перавыпуск асабістых банкаўскіх плацежных картак у рамках зарплатных праектаў па пакетах “Разам Базавы”, “Разам Залаты” і “Разам плацежны”.

“Белгазпрамбанк” спыніў прыём укладу “На 45 дзён адзыўны — выгадны”. Уведзены новы ўклад “На 45 дзён выгадны (адзыўны)” у беларускіх рублях з фіксаванай працэнтнай стаўкай 6% гадавых. Мінімальная сума першапачатковага ўзносу складае 100 рублёў. Датэрміновае выняцце ўкладу магчыма з пералікам працэнтаў па стаўцы “да запатрабавання” — 0, 001% гадавых.

“БНБ-Банк” для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, у якіх падключаны зарплатны праект, зможа афармляць не толькі персаніфікаваныя, але і неперсаніфікаваныя зарплатныя карткі (Instant-карты).

“МТБанк” спыняе падключэнне новых кліентаў на тарыфны план “Мега-рахунак” з пераводам кліентаў, якія раней на ім абслугоўваліся, на тарыфны план “Мега-рахунак.mini”. Памер штомесячнай платы усталёўваецца ў памеры 8 тыс. рублёў.

“Неа Банк Азія” спыніў прыём дадатковых унёскаў у тэрміновыя адзыўныя рублёвыя ўклады “Універсальны” і “Карпаратыўны”. У выпадку папаўнення укладчыкам ўкладу без атрымання згоды банка будзе ажыццёўленае вяртанне сумы не пазней наступнага працоўнага дня з дня паступлення на рахунак без налічэння і выплаты па іх працэнтаў.

“Парытэтбанк” з 16 чэрвеня ўводзіць новы прадукт “Крэдыт на тавары беларускіх вытворцаў”: сума — да 10 тыс. рублёў па фіксаванай стаўцы ў 16,99% на тэрмін шэсць месяцаў. Пасля афармлення крэдыту банк пералічыць грошы на рахунак названай фізасобай гандлёвай арганізацыі.

На 1 траўня 2025 года ў Беларусі быў зарэгістраваны 21 банк (тры з іх — са 100-працэнтным замежным удзелам). Іх статутны капітал склаў 10 млрд 103 млн рублёў (+0,8% за месяц і +19,2% у гадавым вымярэнні), прыбытак — 1 млрд 141,1 млн рублёў (+32,8% і +1,9% адпаведна).

Падзяліцца: