Мінск 15:02

Жыхар Жлобіна захоўваў дома самаробную выбухоўку — распачатая крымінальная справа

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

20 чэрвеня, Позірк. У Жлобіне (Гомельская вобласць) затрыманы мясцовы жыхар, які захоўваў дома самаробную выбухоўку, паведаміў 20 чэрвеня начальнік аддзела 8-га ўпраўлення ГУБАЗіК Павел Мазур.

У відэакаментарыі, апублікаваным 20 чэрвеня прэс-службай Міністэрства ўнутраных спраў, міліцэйскі начальнік кажа, што затрыманаму 60 гадоў (згодна з паведамленнем МУС, 63 гады).

Дома ў мужчыны, паводле слоў Мазура, выявілі “тры самаробныя выбухныя прыстасаванні і выбуховае рэчыва на аснове трацілу агульнай вагой каля двух кілаграмаў” (паводле паведамлення МУС, больш за 2 кг), “а таксама рулю кулямёта”.

“Высветлена, што фігурант мае дачыненне да незаконнага вырабу і збыту боепрыпасаў. Фігурант арыштаваны, яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі”, — сказаў прадстаўнік ГУБАЗіК.

Паводле інфармацыі МУС, следчыя ўжо распачалі крымінальную справу ў дачыненні да мужчыны.

Падзяліцца: