Мінск 01:56

Ціханоўская падзякавала ЗША і ЕС за дапамогу ў вызваленні групы палітвязняў

Відэазапіс: прэс-служба Святланы Ціханоўскай / стоп-кадр: "Позірк"

21 чэрвеня, Позірк. “Сёння ў Вільнюсе мы сустрэлі 14 герояў, вызваленых пасля шматгадовых катаванняў у турмах КДБ”, — адзначыла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская пасля сустрэчы ў літоўскай сталіцы з прывезенай з Беларусі групай палітвязняў, у якой быў і яе муж Сяргей Ціханоўскі.

“Дзякуючы нястомным намаганням ЗША і нязменнай падтрымцы ЕС, яны больш не за кратамі, хоць і былі вымушаныя адправіцца ў выгнанне. Цяпер мы павінны дапамагчы ім ачуеяць — і працягваць змагацца за тых, хто ўсё яшчэ ў няволі“, — напісала палітык у сацыяльнай сетцы Х (“Твітар“).

“Сяргей на волі. Побач са мной і дзецьмі. Адбылося тое, пра што наша сям’я марыла гэтыя 5 гадоў і дзеля чаго мы ўсе працавалі, з моманту яго затрымання. Вызваленне Сяргея — гэта крок да вызвалення ўсіх палітвязняў і ўсёй Беларусі. Дзякуем усім за каласальную падтрымку”, — дадала (https://t.me/tsikhanouskaya/7044) яна ў сваім тэлеграм-канале.

“Вы вольныя. Цяжка прывыкнуць да гэтага. Хто адчувае сілы, уліваемся і далей працуем, таму што яшчэ тысячы людзей там. <…> Мне часам здаецца, што людзей настолькі замучылі там, што яны будуць выходзіць падарваныя псіхалагічна, а ў асноўным выходзяць зараджаныя — далей, наперад — змагацца“, — сказала дэмлідар на сустрэчы з вызваленымі (паводле відэазапісу прэс-службы Ціханоўскай).

Характэрна, што раніцай 21 чэрвеня, за некалькі гадзін да таго, як стала вядома пра сустрэчу ў Мінску Аляксандра Лукашэнкі са спецпрадстаўніком ЗША ў пытаннях Украіны Кітам Келагам, Ціханоўская падзякавала “ўсім партнёрам і хаўруснікам“, якія працуюць над вызваленнем палітвязняў — “як праз публічны ціск, так і з дапамогай непублічных намаганняў“.

Акрамя Сяргея Ціханоўскага на волю выйшлі экс-супрацоўнік “Радыё Свабода“ Ігар Карней, выкладчыца Наталля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і шведскага грамадзянства Галіна Краснянская, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта“ Кірыл Балахонаў і інш.

Падзяліцца: