Мінск 18:58

Беларусы падтрымліваюць украінцаў у барацьбе за свабоду, справядлівасць і цэласнасць — Ціханоўская

Архіўнае фота: "Позірк"

28 чэрвеня, Позірк. Беларусы падтрымліваюць украінцаў “у барацьбе за свабоду, справядлівасць і поўную тэрытарыяльную цэласнасць”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, віншуючы 28 чэрвеня “гераічны народ Украіны” з Днём Канстытуцыі.

“Канстытуцыя — гэта не проста напісаны закон, а жывая аснова свабоднага грамадства, створаная на службе ў народа”, — напісала яна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Дэмсілы Беларусі паслядоўна падтрымліваюць украінскі народ, які больш як тры гады абараняецца ад поўнамаштабнай расійскай агрэсіі. Падчас замежных паездак, выступаў на міжнародных пляцоўках, на сустрэчах з замежнымі палітыкамі Ціханоўская рэгулярна заклікае дэмакратычныя краіны даць Кіеву ўсё неабходнае для перамогі, нагадвае пра беларусаў, якія змагаюцца за Украіну, а таксама пра рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які падтрымлівае Маскву.

24 лютага 2022 года Расея распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле даных расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: