Мінск 20:03

У віншаванні з Днём моладзі і студэнцтва Лукашэнка зноў заявіў пра важнасць працы на дзяржаву

29 чэрвеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 29 чэрвеня павіншаваў “юнакоў і дзяўчат” з Днём моладзі і студэнцтва, які адзначаецца ў краіне з 2021 года.

Як і ў ранейшыя гады, аўтар заявіў пра важнасць працы на дзяржаву.

“Час першых сур’ёзных рашэнняў і выбару жыццёвага шляху, калі мары аб будучых перамогах і поспехах увасабляюцца ў жаданні несці карысць Айчыне, ствараць у імя міру і згоды на роднай зямлі. Дзе б вы ні знайшлі прымяненне сваім талентам — ведайце, што толькі добрасумленная праца кожнага з вас забяспечыць развіццё і росквіт Беларусі”, — гаворыцца ў віншаванні.

“Вашы энергія, аптымізм, шчырасць, жаданне працаваць на карысць Радзімы служаць залогам развіцця і працвітання Беларусі. Будзьце годныя сваіх вялікіх продкаў. Прымнажайце багацці роднай зямлі, умацоўвайце народнае адзінства, захоўвайце гістарычную памяць і нацыянальныя традыцыі”, — падкрэслівалася ў леташнім пасланні.

“Асабістыя працоўныя перамогі кожнага з вас тым больш каштоўныя і значныя, чым больш яны спрыяюць умацаванню суверэнітэту і незалежнасці нашай дзяржавы. У Беларусі заўсёды будзе шчаслівы той, для каго адданасць Радзіме і служэнне агульнай справе — не пустыя словы, а ўнутраны жыццёвы арыенцір”, — пісаў Лукашэнка ў 2023 годзе.

“Заўсёды памятайце: вучоба і праца, павага да старэйшых і любоў да Радзімы — вывераная формула, якая прынясе вам шчасце, а нашай любімай Беларусі — росквіт”, — заклікаў ён у 2022 годзе, адзіны раз назваў беларускую моладзь “найлепшай на зямлі”.

“Аддаючы Айчыне таленты і невычэрпную энергію, вы працягнеце слаўны шлях беларусаў, якія падарылі нам прыклад сапраўднай любові да сваёй зямлі і адданасці Радзіме”, — гаварылася ў віншаванні ў 2021 годзе.

Пасля масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў-2020 у дзіцячых садках, школах і ВНУ ідэолагі ўзмоцнена займаюцца “патрыятычным выхаваннем” дашкольнікаў, школьнікаў і студэнатў, якое заключаецца ў выказванні адданасці рэжыму і Лукашэнку асабіста. Улады актыўна перашкаджаюць паступленню маладых у замежныя навучальныя ўстановы.

Падзяліцца: