Мінск 04:14

У чэрвені на волю выйшла мінімум 33 палітвязні, з іх 13 памілавана — “Вясна”

3 ліпеня, Позірк. У чэрвені на волю выйшла не менш за 33 палітвязні, з іх 20 цалкам адбылі тэрмін, яшчэ 13 памілаваныя, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна“.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, усяго па заканчэнні тэрмінаў з 2020 года з папраўчых устаноў выйшла амаль 1.600 чалавек.

Зараз у краіне 1.164 палітвязні, іх колькасць павялічваецца амаль штотыдзень, адзначае “Вясна“.

Сярод вызваленых у чэрвені — былы прэс-сакратар аператара мабільнай сувязі А1 Мікалай Брэдзелеў. 10 снежня 2021 года ён быў затрыманы і 24 кастрычніка 2022 года асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі па арт. 3612 Крымінальнага коэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання). Сілавікі апублікавалі зроблены ў міліцыі відэазапіс з удзелам Брэдзелева, а таксама фатаграфіі прыватнага характару.

19 чэрвеня вызвалены палітвязень, ютуб-блогер Руслан Ліннік, прыгавораны ў верасні 2021 года да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па чатырох артыкулах КК.

21 чэрвеня пасля сустрэчы спецпрадстаўніка ЗША ў пытаннях Украіны Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам было вызвалена 14 чалавек, у тым ліку муж Святланы Ціханоўскай відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, былы супрацоўнік “Радыё Свабода“ Ігар Карней, выкладчыца італьянскай мовы Наталля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і шведскага пашпартаў Галіна Краснянская, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта“ Кірыл Балахонаў.

Таксама вызваленыя Алан Ройё (грамадзянін Эстоніі), Юрыйс Ганінс і Дзмітрыйс Міхайлаўс (грамадзяне Латвіі). Акрамя гэтага, паводле звестак СМІ, на волю выйшаў Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Польшчы).

Імёны яшчэ траіх афіцыйна не названыя, яны з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы (двое) і Японіі.

2 ліпеня стала вядома пра памілаванне 16 зняволеных, якія ўчынілі “розныя злачынствы, у тым ліку экстрэмісцкай накіраванасці“.

Практыка вызвалення палітвязняў працягваецца ў Беларусі роўна год. Першае памілаванне таксама было прымеркаванае да Дня незалежнасці. Тады праваабаронцы паведамлялі пра выхад 18 палітвязняў. Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала называў лічбу 14.

Ад ліпеня 2024 года было адзінаццаць хваляў памілаванняў, у выніку якіх на волю выйшла больш за 300 палітвязняў. Папярэдняе памілаванне датаванае 7 траўня — Лукашэнка вызваліў 42 чалавекі, прымеркаваўшы гэта да 80-годдзя перамогі над гітлераўскай Германіяй.

Разам з тым палітычныя рэпрэсіі працягваюцца. За чэрвень затрымана па палітычных матывах 28 чалавек, паведаміў дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі ў эфіры “Еўрарадыё”.

“Калі Лукашэнка хоча паказаць сур’ёзнасць сваіх намераў па нармалізацыі адносін з Еўропай, трэба спыніць рэпрэсіі, — падкрэсліў Кучынскі. — Рэпрэсіі не спыняліся, яны працягваюцца. Выпускайце ўсіх палітвязняў — ці адразу, ці часткамі. Пакажыце сур’ёзнасць гэтых намераў. Пакуль мы гэтага не бачым, а бачым, што ёсць нейкая спроба. Стратэгічнага прасоўвання я не назіраю. Крок за рэжымам. Выпускайце далей людзей, выпускайце лідараў беларускага [дэмакратычнага] руху”.

Падзяліцца: