Мінск 23:25

Вячорка: Ва ўладаў няма і ніколі не будзе доступу да базы даных “пашпарта новай Беларусі”

Арыгінальны дызайн "пашпарта новай Беларусі" (справа) і "дакумент", нібыта канфіскаваны ў "затрыманых жыхароў Магілёва"
Калаж: Офіс Святланы Ціханоўскай

14 ліпеня, Позірк. Ва ўладаў няма і “ніколі не будзе” доступу да базы даных “пашпарта новай Беларусі”, заявіў галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Ён распаўсюдзіў каментарый у сувязі з паведамленнямі праўладных тэлеграм-каналаў аб затрыманні двух жыхароў Магілёва, якія нібыта спрабавалі ўехаць у Беларусь з “пашпартамі новай Беларусі”. Вячорка назваў гэтыя паведамленні “чарговым фэйкам”, а затрыманні — “альбо пастановачнымі, альбо кагосьці сам ГУБАЗ вырашыў падставіць”.

Раней 14 ліпеня прэс-служба Ціханоўскай таксама заявіла, што апублікаваныя фота “затрыманых жыхароў Магілёва” з’яўляюцца “фэйкавымі”. Звярталася ўвага, што на распаўсюджаных здымках паказаныя “два дакументы”, вокладкі якіх адрозніваюцца ад арыгінальнага дызайну “пашпарта новай Беларусі”.

“Такіх вокладак не існуе ў прыродзе”, — сказаў Вячорка.

На старонцы “пашпарта новай Беларусі” ў “Фэйсбуку” адзначаецца, што “сёння прарэжымныя каналы распаўсюдзілі фэйкавую інфармацыю пра нібыта затрыманне двух магілёўцаў з беларускім нацыянальным пашпартам”.

“Дызайн гэтых “пашпартоў” не адпавядае сапраўднаму дакументу, які выдаецца нашым грамадзянам. Гэта лёгка праверыць, параўнаўшы з афіцыйным узорам. Заклікаем вас карыстацца толькі афіцыйнымі крыніцамі інфармацыі — нашымі сацыяльнымі сеткамі і сайтам”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пра праект “пашпарта новай Беларусі” стала вядома ў лютым 2023 года.

У сакавіку 2024-га Аб’яднаны пераходны кабінет абвясціў, што завяршаецца стварэнне “пашпартнага цэнтра”, і адначасова заявіў пра затрымку з пастаўкай “адмысловых матэрыялаў”, неабходных для вырабу першых 500 узораў дакумента.

У траўні таго ж года Беларускі расследавальніцкі цэнтр апублікаваў расследаванне “Пашпарт новай Беларусі” і стары “гаманец” Лукашэнкі. Як кампанія — распрацоўшчык дакумента звязаная з Віктарам Шаўцовым”. Журналісты сцвярджалі, што літоўская кампанія Garsų pasaulis мае сувязі з набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі бізнесменам, а геральдычную раду узначальвае былы супрацоўнік беларускага МУС. Міністэрства ўнутраных спраў Літвы вызнала Garsų pasaulis ненадзейнай і разарвала з ёй кантракт на вытворчасць асабістых дакументаў.

У жніўні 2024 года было абвешчана, што Беларускі пашпартны цэнтр створаны ў Вільнюсе, яго дырэктарам прызначаны грамадзянін Літвы Марус Гудэлайціс.

14 студзеня 2025-га Гудэлайціс паведаміў журналістам, што друкаваць “пашпарты новай Беларусі” плануецца ў Беларускім пашпартным цэнтры, разглядалася магчымасць стварэння “аналагічных цэнтраў у Польшчы і, магчыма, ва Украіне”. Заяўкі на выраб і выдачу “пашпартоў”, казаў ён, пачнуць прымаць 26 студзеня. Будучы статус пашпарта, адзначаў тады Гудэлайціс, “падлягае абмеркаванню”, і падарожнічаць з ім “будзе нельга да дадавання яго ў базы тревэл-дакументаў”.

У акрэслены тэрмін, 26 студзеня, Вячорка абвясціў на форуме “Беларусы вартыя лепшага” ў Варшаве пра пачатак прыёму перадзамоў на атрыманне “пашпарта новай Беларусі”.

Неўзабаве, 3 лютага, літоўскі партал 15min.lt са спасылкай на “тлумачальна-інфармацыйны” ліст намесніка генпракурора Літвы Гінтаса Іванаўскаса паведаміў, што “пашпарты новай Беларусі” павінны лічыцца несапраўднымі.

На наступны дзень згаданае медыя заявіла, што Garsų pasaulis спыняе выраб “пашпарта новай Беларусі”, пра што кіраўніца кампаніі Ана Янаўскене пісьмова апавясціла МУС. “Мы прыпыняем супрацоўніцтва з установай “Беларускі пашпартны цэнтр“ і выраб гэтага непрызнанага беларускага пашпарта”, — прыводзіў партал яе словы.

Тады ж, 4 лютага, Гудэлайціс паведаміў “Позірку”, што Garsų pasaulis перадала ў Беларускі пашпартны цэнтр усе неабходныя матэрыялы і загатоўкі. Персаналізацыю, то бок друк звестак на бланках, у цэнтры планавалі ажыццяўляць сваімі сіламі, у тым ліку “дзеля гарантавання бяспекі праекта”. Дырэктар цэнтра дадаў, што ні збіраць біяметрычныя звесткі, ані выдаваць “пашпарт” не будуць да тае пары, пакуль не завершыцца праверка на адпаведнасць GDPR (рэгламент Еўрапейскага саюза па абароне персанальных даных) і не вырашацца ўсе юрыдычныя пытанні адносна статусу дакумента.

24 траўня ў Варшаве, адказваючы на пытанні ўдзельнікаў IV Канферэнцыі беларусаў свету, Вячорка заявіў, што некалькі асобнікаў “пашпарта новай Беларусі“ было выдадзена ў “пілотным“ рэжыме.

28 чэрвеня аб атрыманні “пашпарта новай Беларусі” паведаміў экс-палітвязень Сяргей Ціханоўскі.

Падзяліцца: