Лукашэнка ратыфікаваў пагадненне з М’янмай аб абароне сакрэтнай інфармацыі
14 ліпеня, Позірк. Закон аб ратыфікацыі пагаднення паміж Беларуссю і М’янмай аб узаемнай абароне сакрэтнай інфармацыі падпісаў 14 ліпеня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.
Адзначаецца, што пагадненне было падпісана ў Мінску 7 сакавіка 2025 года ў рамках афіцыйнага візіту старшыні Дзяржаўнага адміністрацыйнага савета, прэм’ер-міністра М’янмы Мін Аун Хлайна.
Пагадненне заключанае “для ўзаемнага забеспячэння абароны сакрэтнай інфармацыі і ў інтарэсах умацавання сяброўскіх адносін паміж краінамі”, гаворыцца ў паведамленні.
“Гэта дасць магчымасць стварыць прававую аснову для абароны дзяржаўных сакрэтаў Беларусі пры ажыццяўленні двухбаковага супрацоўніцтва з М’янмай у ваеннай, ваенна-тэхнічнай, навукова-тэхнічнай і іншых сферах”, — адзначаецца ў рэлізе.
7 сакавіка на перамовах з Мін Аун Хлайнам у Мінску Лукашэнка вітаў рашэнне М’янмы павысіць узровень дыпламатычнага прадстаўніцтва.
Мін Аун Хлайн заявіў, што М’янма “нацэленая на пашырэнне ўзаемадзеяння” з Беларуссю за кошт “развіцця шматгаліновага супрацоўніцтва”.
5 сакавіка м’янманскі прэм’ер наведваў Расію. У Крамлі ён сустракаўся з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.
10 студзеня паведамлялася, што на перамовах у Нейп’іда кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў і намеснік прэм’ера — саюзны міністр замежных спраў М’янмы Тан Свэ “канстатавалі падобныя пазіцыі ў шэрагу міжнародных пытанняў”. Заяўлялася, што на сустрэчы чыноўнікі абмеркавалі “цяперашні стан двухбаковых стасункаў, вызначылі напрамкі супрацы ў палітычнай, эканамічнай і гуманітарнай сферах”, а таксама “акрэслілі графік кантактаў на гэты год”.
4 студзеня Лукашэнка заявіў пра інтарэс ў тым, каб хутка рэалізаваць “значны патэнцыял” супрацы з М’янмай “ва ўсіх галінах”. Ён у чарговы раз запрасіў Мін Аун Хлайна ў Беларусь, каб “абмеркаваць прыярытэтныя пытанні двухбаковага і міжнароднага парадку дня”.
2 лютага 2021 года ў М’янме пад кіраўніцтвам галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі старэйшага генерала Мін Аун Хлайна быў здзейснены вайсковы пераварот, які выклікаў масавыя пратэсты, што перараслі ў грамадзянскую вайну.
Паводле ацэнак арганізацыі ACLED (Аrmed Conflict Location & Event Data) на 24 чэрвеня 2022 года, у выніку гвалту пасля перавароту ў агульнай складанасці было забіта каля 21 тыс. чалавек.
Лукашэнка 30 верасня 2022 года, прымаючы даверчыя граматы амбасадараў шэрагу замежных дзяржаў, звярнуў увагу, што Беларусь разглядае дыялог з М’янмай у якасці “важнага кірунку сваёй знешняй палітыкі ў Паўднёва-Усходняй Азіі”.
Дыпламатычныя стасункі паміж краінамі ўсталяваныя 22 верасня 1999 года. Інтарэсы Беларусі ў М’янме прадстаўляе беларуская амбасада ў В’етнаме, інтарэсы м’янманскага боку — амбасада ў Расіі. З верасня 2023 года ў Мінску дзейнічае генеральнае консульства М’янмы.
Тавараабарот у 2021 годзе (больш позняя інфармацыя не прыводзіцца), паводле даных Міністэрства замежных спраў, склаў 8,2 млн долараў (экспарт — 5,3 млн, імпарт — 2,9 млн, сальда — +2,4 млн).
Паводле інфармацыі дзяржСМІ, аб’ём узаемнага гандлю Беларксі і М’янмы па выніках 2024 года склаў 34,6 млн долараў, з якіх на беларускі экспарт прыпала 22,7 млн долараў.
Варта адзначыць, што Беларусь і М’янма — адзіныя краіны ў свеце, да якіх прыменены арт. 33 Статута Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).
На 111-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы ў чэрвені 2023 года на падставе гэтага артыкула была прынятая рэзалюцыя, у якой утрымліваецца адрасаваная членам МАП прапанова перагледзець стасункі з уладамі Беларусі — краіны, дзе сістэматычна парушаюцца правы працоўных.
У дачыненні да М’янмы адпаведная рэзалюцыя была прынятая ў 2000 годзе — за шырокамаштабнае і сістэматычнае выкарыстанне прымусовай працы.

- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 12–14 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка