Мінск 02:43

Федэрацыю футбола ўзначаліў чыноўнік Мінаблвыканкама, функцыянер партыі “Белая Русь” Булойчык

Фота: mlyn.by

17 ліпеня, Позірк. Старшынёй асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” абраны 41-гадовы начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага аблвыканкама Яўген Булойчык, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

За яго 17 ліпеня прагаласавалі ў Доме футбола дэлегаты пазачарговай справаздачна-выбарнай канферэнцыі БФФ.

На пасаду таксама балатаваліся генеральны дырэктар футбольнага клуба “Дынама-Мінск” Андрэй Толмач і першы намеснік старшыні федэрацыі Андрэй Васілевіч.

15 ліпеня Васілевіч зняў сваю кандыдатуру на карысць Булойчыка, заявіўшы, што “на пасадзе кіраўніка федэрацыі павінен быць чалавек з сур’ёзным адміністрацыйным рэсурсам”. Толмач узяў самаадвод непасрэдна падчас канферэнцыі.

Абранне Булойчыка, такім чынам, прайшло на безальтэрнатыўнай аснове.

Тэрмін паўнамоцтваў старшыні федэрацыі — чатыры гады.

Пасада кіраўніка федэрацыі стала вакантнай пасля адстаўкі Мікалая Шарстнёва, які ўзначальваў арганізацыю з 22 сакавіка 2023 года. 2 чэрвеня 2025-га ён падаў заяву аб сыходзе з пасады.

22 траўня гэтага года рашэннем Аляксандра Лукашэнкі Шарстнёў быў прызначаны намеснікам кіраўніка справамі прэзідэнта. У 2014–2021 гадах ён займаў пасаду старшыні Віцебскага аблвыканкама.

Выконваючым абавязкі кіраўніка БФФ да пазачарговай канферэнцыі 17 ліпеня быў Васілевіч.

Паводле даных спартыўнага партала by.tribuna.com, перастаноўкі ў кіраўніцтве футбольнай федэрацыі сталі вынікам апаратнай барацьбы Шарстнёва і міністра спорту і турызму, экс-супрацоўніка Службы бяспекі Лукашэнкі Сяргея Кавальчука. Паведамлялася пра канфлікт паміж імі. Булойчыка партал называе стаўленікам Кавальчука.

Булойчык нарадзіўся 11 траўня 1984 года ў вёсцы Косаўка Бярэзінскага раёна (Мінская вобласць). Выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры (2006) і Акадэміі кіравання пры прэзідэнце (2014).

Пасля заканчэння вучобы ў БДУФК працаваў трэнерам і настаўнікам фізкультуры ў Беразіне. Пазней перайшоў на працу ў Бярэзінскі райвыканкам. У 2007–2010 гадах — галоўны спецыяліст аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму, у 2010–2013 — начальнік гэтага аддзела, у 2013–2015 — намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму, у 2015–2016 — кіраўнік спраў райвыканкама.

26 ліпеня 2016 года заняў пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага аблвыканкама.

У лістападзе 2024-га ўзначаліў мінскае абласное аддзяленне партыі “Белая Русь”.

Чыноўнікі рознага ўзроўню кіруюць беларускім футболам з 1998 года. Першым быў старшыня Дзяржкамітэта па авіяцыі Рыгор Фёдараў (1998–2003). Яго змяніў дзяржсакратар Савета бяспекі Генадзь Нявыглас (2003–2011). Затым федэрацыю ўзначальваў банкір, намеснік прэм’ер-міністра, пазней прэм’ер-міністр Сяргей Румас (2011–2019). У 2019 годзе старшынёй БФФ стаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Базанаў, які кіраваў да абрання Шарстнёва.

БФФ з’яўляецца грамадскай арганізацыяй, падпарадкоўваецца Саюзу еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА). Статут УЕФА забараняе дзяржаўнае ўмяшанне ў кіраўніцкія працэсы нацыянальных федэрацый, за гэта прадугледжаныя санкцыі. Тым не менш у Беларусі дэ-факта футболам кіруюць людзі, якія атрымалі непублічную падтрымку Лукашэнкі.

З лета 2021 года зборныя і клубы Беларусі афіцыйныя міжнародныя матчы праводзяць за мяжой. Такое рашэнне было прынята УЕФА пасля прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair і наступнага арышту журналіста Рамана Пратасевіча і грамадзянкі Расіі Сафіі Сапегі.

Падзяліцца: