Мінск 03:10

Усю суму на медыцынскія патрэбы Ціханоўскага ахвяравалі ў першы дзень збору

Сяргей Ціханоўскі на наступны дзень пасля вызвалення
Архіўнае фота: "Позірк"

18 ліпеня, Позірк. Усю суму на медыцынскія патрэбы відэаблогера, актывіста, экс-палітвязня Сяргея Ціханоўскага ахвяравалі ў першы ж дзень збору, 18 ліпеня.

Мэта збору на сайце фонду салідарнасці BySol — 8.000 еўра, якія муж беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай папрасіў сабраць на аднаўленне пасля зняволення, — была дасягнутая ў 23:30.

Пры гэтым збор, разлічаны на 60 дзён, не завяршыўся, грошы працягваюць паступаць.

Вызвалены пасля сустрэчы спецпрадстаўніка ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келлага з Аляксандрам Лукашэнкам 21 чэрвеня Ціханоўскі ў апісанні кампаніі па прыцягненні сродкаў адзначыў: “Мая жонка — лідар дэмакратычных сіл, але гэта не значыць, што за маёй спінай неабмежаваныя рэсурсы, а мае праблемы са здароўем вырашаюцца аўтаматычна”.

“Маё аднаўленне — выклік для мяне, як і для кожнага, хто прайшоў праз турму”, — падкрэсліў экс-палітвязень, адзначыўшы, што жадае “паправіць здароўе, вярнуць сваю сілу і працягваць быць карысным”.

Уся сума прызначаная для вырашэння праблем са здароўем: праходжання УГД, МРТ, аналізаў, кансультацый дактароў, пратэзавання зубоў, карэкцыі зроку.

Падзяліцца: