Мінск 20:29

Кіраўнікі ўрадаў Беларусі і РФ сустрэнуцца на палях экалагічнай канферэнцыі на Алтаі

Аляксандр Турчын і Міхаіл Мішусцін (злева направа)
Відэа: тэлеканалы СТК і АНТ / cтоп-кадры і калаж: "Позірк"

24 ліпеня, Позірк. Сустрэча прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына і яго расійскага калегі Міхаіла Мішусціна адбудзецца на палях Міжнароднай экалагічнай канферэнцыі, якая пройдзе 24–26 ліпеня ў Рэспубліцы Алтай (РФ), паведамляе прэс-служба беларускага ўрада.

У дзень адкрыцця форуму Турчын прыбыў у сталіцу рэгіёну — Горна-Алтайск. Запланаваны выступ беларускага чыноўніка на пленарным пасяджэнні канферэнцыі.

У рамках двухдзённага візіту Турчын таксама мае намер сустрэцца з прэм’ер-міністрам Узбекістана Абдулой Арыпавым і старшынёй праўлення найбуйнейшага расійскага банка — ПАТ “Сбербанк” — Германам Грэфам.

3 ліпеня Турчын і Мішусцін абмяркоўвалі па тэлефоне беларуска-расійскае ўзаемадзеянне. Паводле версіі Мінска — стратэгічнае партнёрства, паводле версіі Масквы — інтэграцыйныя праекты.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, 2 красавіка 1997-га — дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які займаў на той момант пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў далейшую падтрымку Мінска з боку Масквы з тым, наколькі краіны зблізяцца. Яшчэ больш пад уплыў РФ Беларусь трапіла ў 2020 годзе, калі Крэмль вербальна падтрымаў Лукашэнку ў падаўленні масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў на яго карысць.

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ў лістападзе 2021 года Лукашэнка і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісалі дэкрэт, якім зацвердзілі 28 саюзных праграм інтэграцыі. На сумеснай прэс-канферэнцыі 13 сакавіка 2025-га ў Маскве расійскі лідар паведаміў, што “ўсе 28 праграм, якія былі намечаныя, выкананыя на 100%”.

Падзяліцца: