Мінск 09:12

Сектар падтрымкі ветэранаў вымушаны працаваць без сістэмнага фінансавання, але дапамога ёсць — Зазулінская

Иллюстративное фото: James Wainscoat / unsplash.com

27 ліпеня, Позірк. Пра актуальныя праблемы, звязаныя з падтрымкай добраахвотнікаў і ветэранаў, нагадала прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Вольга Зазулінская, каментуючы 26 ліпеня гісторыю, якая скончылася смерццю ў Польшчы былога беларускага ваяра.

Паводле інфармацыі тэлеканалу “Белсат”, атрыманай ад паліцыі Гданьску ды іншых крыніц, у ноч на 25 ліпеня здзейсніў самагубства 28-гадовы Ягор І., колішні ваяр палка “Пагоня” (быў створаны ўвесну 2022 года ў складзе Інтэрнацыянальнага легіёна Узброеных сіл Украіны, улетку 2023-га фактычна спыніў існаванне). Перад гэтым, згодна са звесткамі медыя, ён амаль суткі ўтрымліваў свайго былога сябра А. і здзяйсняў у дачыненні да яго жорсткія дзеянні, пасля якіх ахвяры спатрэбілася дапамога ўрачоў. Перад тым як вызваліць А., Ягор І. паведаміў, што не хоча трапіць у турму за тое, што адбылося, таму пойдзе з жыцця.

“Трагедыя, якая здарылася ў Гданьску, — самазабойства беларускага добраахвотніка Ягора і жорсткае гвалтоўнае злачынства, здзейсненае ім супраць іншага беларуса, — боль, з якім немагчыма змірыцца, — цытуе Зазулінскую прэс-служба АПК. — Выказваю шчырыя спачуванні блізкім Ягора. Яго жыццё было азмрочана ўдзелам у вайне, ізаляцыяй, псіхалагічным крызісам”.

Палітык таксама выказала “словы салідарнасці і падтрымкі чалавеку, які выжыў, — ахвяры катаванняў”, “ён заслугоўвае абароны, а не дадатковай рызыкі і грамадскага ціску”.

Паводле яе слоў, гэтая гісторыя “тычыцца значна большага кола людзей”, “цэлай сацыяльнай групы — тых, хто вярнуўся з вайны, застаўся сам-насам з раненнямі, дэпрэсіяй, ПТСР, няўпэўненасцю”. Гэта гісторыя, падкрэсліла прадстаўніца АПК, “пра беларусаў, якія, змагаючыся супраць агрэсіі і абараняючы справядлівасць, самі апынуліся без абароны”.

“Падчас візіту ў Брусель сёлета ў чэрвені я ўздымала тэму дапамогі беларускім добраахвотнікам і ветэранам. Мы робім гэта ва ўсіх магчымых фарматах і пры кожнай зручнай нагодзе, — заявіла Зазулінская. — Тады я казала партнёрам: падтрымка гэтых людзей — не толькі маральны абавязак, гэта адказная і прафілактычная сацыяльная палітыка. Бо ў выпадках з людзьмі з баявым досведам можа дайсці да трагедый — як асабістых, так і грамадскіх”.

Паводле слоў палітыка, “праблема ў тым, што сектар, які займаецца падтрымкай ветэранаў, працуе ў найцяжэйшых умовах” — “без сістэмнага фінансавання, часта на валанцёрскіх асновах”, у сітуацыі, калі “донары не разглядаюць гэтую тэму як прыярытэтную”.

“У канцэпцыі сацыяльнай палітыкі Аб’яднанага пераходнага кабінета падтрымка беларускіх добраахвотнікаў вылучана як асобны кірунак. Я павінна шчыра сказаць: мы пакуль не дасягнулі таго, чаго хацелі. Але мы працягваем працаваць і гаварыць пра гэтую праблему гучна”, — адзначыла яна.

Разам з тым Зазулінская, звяртаючыся да “саміх ваяроў, іх блізкіх, сем’яў”, падкрэсліла, што “дапамога ёсць”. Паводле яе слоў, ініцыятыва “Росквіт” у Літве “падтрымлівае беларускіх добраахвотнікаў, іх сем’і, у тым ліку жанчын і дзяцей”, сярод іншага “арганізуе псіхалагічную падтрымку”.

“У ініцыятывы “Клуб Ліцвіны” беларускія добраахвотнікі ў Літве і Польшчы могуць прайсці паглыблены медагляд, атрымаць кансультацыі траўматолага, псіхіятра, неўролага і іншых спецыялістаў. Для гэтага не абавязковая наяўнасць медстрахоўкі”, — дадала яна.

Зазулінская выказала “вялікую трывогу” праз тое, што частка СМІ, асвятляючы гэту гісторыю, раскрыла падрабязнасці прыватнага жыцця, асабістую інфармацыю, якая “можа стаць крыніцай дадатковай рызыкі”. Назваўшы гэта “парушэннем прафесійных і этычных стандартаў”, прадстаўніца АПК папрасіла “этычную камісію Беларускай асацыяцыі журналістаў” ацаніць гэты выпадак. “Мы не можам працягваць трактаваць журналістыку як паляванне на сенсацыі, асабліва калі пад ударам лёсы людзей, што перажываюць цкаванні”, — падкрэсліла яна.

Варта адзначыць, што камісія па этыцы БАЖ прыпыніла сваю дзейнасць пасля таго, як рэжым Аляксандра Лукашэнкі на пачатку 2023 года прызнаў асацыяцыю “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Сёння дзейнічае незалежная Рада па медыяэтыцы, абраная больш як двацаццю рэдакцыямі і арганізацыямі медыясектара, што далучыліся да Пагаднення аб самарэгуляванні і Кодэкса этыкі беларускіх журналістаў.

Зазулінская таксама выказала намер “ініцыяваць працу над этычнымі рэкамендацыямі для медыя ад імя праваабарончай супольнасці, якія маглі б дапамагчы ў будучыні асвятляць падобныя сітуацыі без стварэння дадатковых рызык і без знявагі да тых, хто і так знаходзіцца ў крайняй уразлівасці”.

У гэтым святле прадстаўніца АПК панаракала на тыя каментарыі, у якіх “прычынай гэтай трагедыі называецца не псіхалагічны стан чалавека, не ПТСР, не адсутнасць дапамогі, а яго сексуальная арыентацыя”; а таксама на тыя, у якіх даводзілася, што “журналістам непажадана ўвогуле было гаварыць пра статус чалавека як добраахвотніка, а трэба было звесці праблему да “рэўнасці” і “бытавухі”.

“Калі мы і далей будзем закрываць вочы на сапраўдныя прычыны і вінаваціць людзей за тое, кім яны з’яўляюцца, мы рызыкуем не заўважыць наступную бяду. Нам усім патрэбна менш асуджэння і больш здольнасці слухаць і падтрымліваць. Калі б Ягор адчуў, што не адзін, магчыма, гэтай трагедыі можна было б пазбегнуць”, — падсумавала Зазулінская.

Падзяліцца: