Мінск 21:17

ДМК абвінаваціў польскі бок у “нерытмічным прыёме” транспарту ў пункце пропуску Брэст, чаканне на мяжы перавышае трое сутак

Фота: ДМК

4 жніўня, Позірк. Чарга легкавых аўтамабіляў, якія едуць у Польшчу праз пункт пропуску Брэст, павялічылася за мінулыя выхадныя ўдвая і на 4 жніўня складае больш за 2.000, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

“Пасля рэгістрацыі ў электроннай чарзе кіроўцам даводзіцца чакаць выкліку ў пункт пропуску <…> больш за трое сутак. Нерытмічнасць прыёму польскімі кантралюючымі службамі аўто, якія прыбываюць з Беларусі, толькі нарастае”, — заяўляе ведамства.

Сцвярджаецца, што “толькі 30% ад магчымай колькасці аформіў польскі бок за папярэднія суткі”. “Такая карціна”, адзначае ДМК, назіраецца апошнія тры дні, а колькасць транспартных сродкаў, якія выязджаюць у гэтым кірунку, павялічваецца”.

“Што тычыцца часу, які затрачваецца на мытны кантроль непасрэдна ў беларускім пункце пропуску, ён займае на выезд у сярэднім да 15 хвілін”, — гаворыцца ў паведамленні.

Вялікія чэргі на мяжы Беларусі з краінамі ЕС узнікаюць рэгулярна. Як правіла, адказнасць за гэта беларускі бок ускладае на службы сумежных дзяржаў.

Варта адзначыць, што Брэст — адзіны дзеючы пасажырскі пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы. Пасля вынясення палітычна матываванага прыгавора журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца).

Літва і Латвія таксама скарацілі колькасць пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Адна з прычын — міграцыйны крызіс, які працягваецца на мяжы з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: