Мінск 21:08

За акцыі за мяжой распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да Ціханоўскай, Латушкі і “нявысветленых асоб” — праваабаронцы

Архіўнае фота: "Позірк"

6 жніўня, Позірк. Крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 361 КК распачатая ў дачыненні да кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святланы Ціханоўскай, яе намесніка ў АПК Паўла Латушкі, а таксама “іншых нявысветленых асоб”, вынікае з фрагмента пастановы Следчага камітэта, апублікаванага 6 жніўня праваабарончым цэнтрам “Вясна”.

У тым жа дакуменце гаворыцца пра узбуджэнне крымінальнай справы паводле арт. 3614 КК у дачыненні да “нявысветленых асоб”.

Паводле звестак праваабаронцаў, гэтыя справы звязаныя з удзелам беларусаў у акцыях салідарнасці, якія раней прайшлі за мяжой.

Арт. 361 КК тычыцца “заклікаў да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацбяспецы Беларусі”, арт. 3614 — “садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці”.

Праваабаронцы заклікалі грамадзян, якія знаходзяцца ў краіне і ўдзельнічалі ў такіх акцыях, падбаць пра сваю бяспеку, звярнуць увагу на свае публікацыі ў сацсетках, не захоўваць фотаздымкі на тэлефонах, якія ўяўляюць небяспеку. Акрамя таго, яны просяць паведамляць ім пра факты палітычнага пераследу за ўдзел у акцыях салідарнасці за мяжой.

Раней “Вясна” паведаміла, што па беларускіх адрасах удзельнікаў замежных мерапрыемстваў да Дня Волі ў сакавіку адбываюцца вобшукі.

5 жніўня Следчы камітэт заявіў, што ідэнтыфікавана “яшчэ 207 чалавек”, якія сёлета бралі ўдзел у святкаванні Дня Волі ў Польшчы, ЗША, Літве, Канадзе і Вялікабрытаніі — “нягледзячы на спробу выкарыстання сродкаў і метадаў канспірацыі”.

Сцвярджалася, што асноўная мэта правядзення вулічных акцый за мяжой — “спроба дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне, распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы, імітацыя падтрымкі лідараў радыкальных рухаў, прыцягненне фінансавання да існых ініцыятыў”.

“Спіс асоб вывучаны супрацоўнікамі галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта <…>. Іх дзеянням дадзеная прававая ацэнка”, — заявіў афіцыйны прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч.

Арганізатараў акцый ён назваў “злачыннымі фарміраваннямі”, якія “ў якасці актыву для стварэння масавасці прыцягвалі грамадзян, што знаходзяцца і пражываюць па-за межамі Беларусі, падзяляюць радыкальную ідэалогію і ідэі гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу”.

Акцыі нібыта суправаджаліся “агрэсіўнымі і абразлівымі лозунгамі, а таксама выкарыстаннем экстрэмісцкай сімволікі для прыцягнення ўвагі”.

“У ходзе расследавання крымінальнай справы высветленыя аб’екты ўласнасці фігурантаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Вынесеныя пастановы пра правядзенне вобшукаў і накладанне арышту на маёмасць. Разглядаецца пытанне пра прымяненне механізма спецыяльнай вытворчасці”, — заявіў прадстаўнік ведамства.

Усе “высветленыя асобы” прызнаныя падазраванымі па крымінальнай справе за здзяйсненне злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 3614 КК, дадаў ён.

СК таксама прыгразіў, што “кожны” ўдзельнік вулічных акцый за мяжой “панясе вызначаную законам адказнасць”.

У эфіры тэлеканала АНТ 5 жніўня было заяўлена пра правядзенне вобшукаў у эмігрантаў па беларускіх адрасах. Названа некалькі чалавек, маёмасць якіх, паводле слоў прапагандыста Ігара Тура, будзе арыштаваная.

21 сакавіка СК заявіў пра працяг працы па “ідэнтыфікацыі і прыцягненні да адказнасці ўдзельнікаў вулічных акцый за мяжой” і правядзенні вобшукаў у рамках адпаведнай крымінальнай справы.

27 студзеня ў ведамстве паведамілі пра ідэнтыфікацыю 365 удзельнікаў акцый пратэсту, якія прайшлі за мяжой напярэдадні, у дзень так званых прэзідэнцкіх выбараў.

Ведамства сцвярджала, што ў акцыях 26 студзеня ў розных краінах узяў удзел 581 чалавек.

13 студзеня СК паведаміў, што ў вытворчасці галоўнага следчага ўпраўлення “знаходзяцца крымінальныя справы ў дачыненні да кіраўнікоў і ўдзельнікаў розных экстрэмісцкіх фарміраванняў па-за межамі Рэспублікі Беларусь, якія бяруць удзел у акцыях, арганізаваных антыбеларускімі цэнтрамі”.

16 траўня 2024 года Следчы камітэт паведаміў, што завёў у дачыненні да 104 удзельнікаў леташняга святкавання Дня Волі за мяжой крымінальную справу паводле арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) і арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) КК.

Было заяўлена, што ў рамках расследавання атрыманая інфармацыя пра “належныя падазраваным аб’екты нерухомасці і маёмасці” ў Беларусі. Паведамлялася пра следчыя дзеянні — “агляды, вобшукі, накладанне арышту на маёмасць” ды інш.

9–10 жніўня ў Варшаве пройдзе IV канферэнцыя “Новая Беларусь”, пасля завяршэння працы ў першы дзень — вулічная акцыя “Марш свабоды” да гадавіны выбараў-2020.

У сувязі з запланаванымі ў польскай сталіцы мерапрыемствамі да пяцігоддзя беларускіх прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, у Міністэрства замежных спраў Беларусі быў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы, якому “ўручана адпаведная нота”.

Пагрозы на адрас удзельнікаў будучых акцый таксама з’явіліся ў тэлеграм-каналах, звязаных з ГУБАЗіК МУС.

Падзяліцца: