Мінск 16:46

Значна вырасла колькасць спробаў вывезці ў Польшчу буйныя сумы валюты праз трэціх асоб — мытня Беларусі

Фота: прэс-служба ДМК

8 жніўня, Позірк. Ад пачатку 2025 года мытня Беларусі спыніла 420 спробаў вывезці ў Польшчу буйныя сумы валюты праз трэціх асоб — на 67% больш, чым за ўвесь 2024-ы, паведаміла 8 жніўня прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

У ліпені за раздачу буйных сум трэцім асобам для таго, каб тыя правезлі грошы праз беларуска-польскую мяжу, да адказнасці прыцягнулі 154 чалавекі.

“Многія з іх спасылаліся на “няведанне заканадаўства”, хоць усе пункты пропуску аснашчаныя візуалізацыяй пра правілы перамяшчэння тавараў і грашовых сродкаў праз мяжу, папярэджваюць пра гэта да перасячэння мяжы грамадзян і мытнікі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзін з апошніх выпадкаў здарыўся ў пункце пропуску Брэст. Паводле інфармацыі ведамства, грамадзянка Украіны ехала ў Польшчу аўтобусам. Яна накіравалася праз “зялёны калідор”, які мяркуе, што чалавеку няма чаго дэклараваць, хаця пры ёй было 16 тыс. долараў і 9,4 тыс. еўра. Парушыўшы норму закона, замежніца заплаціла штраф у памеры 5 базавых велічынь (210 рублёў) і пазбавілася больш за 10 тыс. долараў у эквіваленце.

Згодна з беларускім заканадаўствам, наяўныя грошы, якія перавозяцца праз мяжу, трэба дэклараваць, калі сума перавышае 10 тыс. долараў у эквіваленце. Калі сума звыш 100 тыс. долараў, то неабходна прадастаўляць дакументы, якія пацвярджаюць паходжанне грашовых сродкаў.

Санкцыя паводле ч. 2 арт. 15.5 КаАП (недэклараванне або прадстаўленне недакладных звестак аб таварах) — штраф у памеры ад 5 да 30 базавых велічынь (ад 210 да 1.260 рублёў) з канфіскацыяй наяўных або без яе.

Пры незаконным перамяшчэнні сумы, якая перавышае ў эквіваленце 30 тыс. долараў, у адпаведнасці з ч. 2 арт. 228 КК (кантрабанда) прадугледжаная крымінальная адказнасць — аж да 5 гадоў пазбаўлення волі.

22 ліпеня паведамлялася, што мытнікі спынілі нелегальную пастаўку тавараў з Польшчы. 38-гадовы мужчына прымаў замовы на пакупку і далейшую дастаўку ў Беларусь адзення, абутку, дзіцячых цацак, прадметаў бытавой тэхнікі, аўтамабільных запчастак. На мяжы мужчына раздаваў тавары фізічным асобам згодна з вызначанымі лімітамі на бяспошлінны ўвоз.

Паводле ацэнкі ДМК, шкода дзяржбюджэту Беларусі склала звыш 650 тыс. рублёў.

19 ліпеня паведамлялася, што мытня раскрыла схему пастаўкі ў Беларусь тэхнікі без выплаты пошлін. Адзначалася, што супрацоўнікі Аператыўнай і Брэсцкай мытняў выявілі групу асоб, якая для ўхілення ад выплаты мытных плацяжоў арганізавала “перамяшчэнне пад выглядам тавараў для асабістага карыстання некалькіх тысяч адзінак рознай бытавой і электроннай тэхнікі”.

Тавары таксама раздавалі пасажырам, якія і ўвозілі іх бяспошлінна нібыта для асабістых патрэбаў.

Паводле інфармацыі ведамства, на тэрыторыі Мінска і Мінскага раёна мытнікі знайшлі склады, дзе акумулявалася ўвезеная такім чынам тэхніка. У іх знайшлі каля 3 тыс. непрададзеных тавараў, у прыватнасці “духавыя шафы, варачныя панэлі, посудамыйныя машыны, кавамашыны, аэрагрылі, пыласосы, акустычныя калонкі, мыйкі высокага ціску, электрасамакаты, электраінструменты” ды інш. Агульны кошт выяўленых тавараў — больш за 2 млн рублёў (больш за 680 тыс. долараў паводле актуальнага курсу Нацбанка).

“Уся тэхніка канфіскаваная, праводзяцца далейшыя праверачныя мерапрыемствы па высвятленні іншых датычных асоб”, — заявіў мытны камітэт.

Падзяліцца: