Мінск 12:03

Па факце смяротнай аварыі, якая здарылася напярэдадні ў Гродзенскай вобласці, распачатая крымінальная справа

На месцы аварыі ў Гродзенскай вобласці (10 жніўня 2025 года)
Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

11 жніўня, Позірк. Па факце смяротнай аварыі, якая здарылася 10 жніўня ў Гродзенскай вобласці, узбуджаная крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, якое прывяло з неасцярожнасці да смерці дзвюх і больш асоб), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі СК, аўтааварыя здарылася каля 18:15 паблізу вёскі Мядзвінавічы (Дзятлаўскі раён). У выніку лабавога сутыкнення аўтамабіляў “Мэрсэдэс” і “Рэно” загінула тры чалавекі, пацярпела яшчэ пяць, у тым ліку трое непаўналетніх.

Міністэрства ўнутраных спраў папярэдне называла час здарэння — 18:00, затым — 18:20. Акрамя таго, спачатку МУС пазначала, што аварыя адбылася на аўтадарозе М-11 (Слонім — Ліда — мяжа Літвы) у Слонімскім раёне (Гродзенская вобласць), аднак пазней начальнік УДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Седа заявіў, што ДТЗ было “непадалёк ад вёскі Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна”.

Згаданыя паселішчы знаходзяцца ў Дзятлаўскім раёне — фактычна на стыку са Слонімскім раёнам.

Як менавіта адбылася аварыя, незразумела — выкладзеная МУС папярэдняя інфармацыя супярэчлівая. Першапачаткова міністэрства паведамляла, што “кіроўца аўтамабіля “Рэно” <…> на закругленні дарогі выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе здзейсніў лабавое сутыкненне з “Мэрсэдэсам”. Седа пазней заявіў, што “кіроўца аўтамабіля “Мэрсэдэс” у складаных умовах надвор’я дапусціў выезд на сустрэчную паласу і здзейсніў сутыкненне з аўтамабілем “Рэно”.

У выніку аварыі загінулі 47-гадовы кіроўца “Рэно” і яго равесніца-пасажырка, а таксама 48-гадовы кіроўца “Мэрсэдэса”. Паводле інфармацыі Седы, пацярпелым дзецям 4, 12 і 17 гадоў, іншым асобам, што перажылі аварыю, — 23 і 24 гады. Усе яны шпіталізаваныя.

Падзяліцца: