Мінск 12:58

За пяць дзён на аб’ектах аграпрамысловага комплексу знішчана або пашкоджана 9 адзінак тэхнікі

Крыніца: perevozka24.by

16 жніўня, Позірк. За апошнія пяць дзён (11–15 жніўня) на аб’ектах аграпрамысловага комплексу адбылося дзесяць пажараў, сведчыць праведзены “Позіркам” маніторынг даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Пацярпела сама меней чатыры збожжаўборачныя камбайны.

11 жніўня агонь пашкодзіў маторны адсек, задняе кола і лакафарбавае пакрыццё бункера камбайна ў полі ля вёскі Косіна (Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці).

13 жніўня ад агню пацярпелі маторныя адсекі дзвюх адзінак такой тэхнікі — ля вёскі Чырвоны (Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці) і вёскі Прудзец (Крупскі раён Мінскай вобласці).

15 жніўня тое ж самае здарылася з камбайнам ля вёскі Эйтуны (Лідскі раён Гродзенскай вобласці).

Зафіксаваныя праблемы і з іншай тэхнікай. Так, 14 жніўня ў полі ля вёскі Чыжэвічы (Брэсцкі раён) агонь знішчыў трактар і прэс-падборшчык.

Адзін прэс-падборшчык быў пашкоджаны (12 жніўня) і два знішчаныя (15 жніўня) ля аграгарадка Кухчыцы (Клецкі раён Мінскай вобласці) і ля вёсак Залесна і Ваўчкі (Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) адпаведна.

Такім чынам, за справаздачны перыяд пашкоджана ці знішчана мінімум 9 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі.

МНС таксама паведаміла, што 12 жніўня агонь знішчыў 4 гектары пасеваў азімай пшаніцы ў полі ля Турава (Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці). У выніку пажару ля Баранавічаў (Брэсцкая вобласць) 13 жніўня знішчана 3,3 тоны саломы ў рулонах.

Раней “Позірк” паведамляў, што 6–10 жніўня на аб’ектах аграпрамысловага комплексу адбылося восем пажараў, у выніку якіх пацярпела 3 адзінкі тэхнікі.

Ад пачатку 2025 года на аб’ектах АПК знішчана або пашкоджана агнём 29 адзінак тэхнікі (у 2024-м — мінімум 73), паказаў праведзены “Позіркам” агляд паведамленняў МНС.

За пяць гадоў у Беларусі істотна зменшылася колькасць асноўных відаў тэхнікі, машын і абсталявання ў сельскагаспадарчых арганізацыях, вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Стала менш камбайнаў: збожжаўборачных — на 14,6% (з 8.798 на канец 2019 года да 7.514 на канец 2024-га), бульбаўборачных — на 32,9% (з 778 да 522), буракаўборачных — на 27,5% (з 298 да 216), кормаўборачных — на 11,6% (з 4.138 да 3.660), ільноўборачных — на 30,1% (з 428 да 299).

Колькасць трактароў у гаспадарках зменшылася на 9,6% (з 38.966 да 35.241), грузавых аўтамабіляў — на 14,8% (з 17.873 да 15.228).

Даільных установак і агрэгатаў стала менш на 15,4% (з 10.758 да 9.096), бульбакапальнікаў — на 35,3% (з 1.254 да 811), бульбасаджалак — на 28% (з 1.198 да 862), зернеачышчальных машын — на 12,7% (з 6.939 да 6.059), зернеачышчальна-сушыльных комплексаў — на 19,6% (з 2.559 да 2.057).

Падзяліцца: