Латушка і экс-палітвязень Зянковіч дамовіліся аб’яднаць намаганні па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці

20 жніўня, Позірк. Аб узаемнай падтрымцы і супрацоўніцтве ў пытаннях прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі дамовіліся на сустрэчы ў Варшаве 20 жніўня намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка і былы палітвязень, беларуска-амерыканскі адвакат Юрый Зянковіч.
Як паведамляе НАУ, Латушка прадставіў на сустрэчы стратэгію па “прыцягненні да міжнароднай крымінальнай адказнасці Лукашэнкі і яго памагатых за злачынствы супраць беларускага народа (злачынствы супраць чалавечнасці), за ўчыненне акту агрэсіі супраць Украіны, за ваеннае злачынства — незаконны вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў/праз Беларусь”, а таксама “працу па выкарыстанні інструментаў універсальнай юрысдыкцыі ў краінах, дзе цяпер пражываюць беларусы — ахвяры рэжыму”.
Зянковіч праінфармаваў пра “магчымасць выкарыстання прававой сістэмы Злучаных Штатаў Амерыкі для прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі, яго памагатых, сілавікоў, суддзяў і ўсіх, хто мае дачыненне да рэпрэсій у Беларусі”. Адзначаецца, што ён таксама “прадставіў падыходы да ініцыявання грамадзянскага працэсу ў амерыканскіх судах з патрабаваннем выплаты грашовай кампенсацыі ахвярам”.
18 жніўня Зянковіч абвясціў на прэс-канферэнцыі ў Варшаве аб пачатку інфармацыйнай, палітычнай і “ў першую чаргу юрыдычнай” кампаніі па прыцягненні Беларусі да адказнасці ў рамках грамадзянска-прававых адносін.
“Гэта не толькі мая асабістая справа, таму што яна нашмат шырэйшая — гэта справа пра лёс соцень і тысяч беларусаў, якія прайшлі праз лукашэнкаўскія засценкі, якія патрабуюць справядлівасці, — сказаў Зянковіч. — Наша мэта простая і адначасова складаная — дамагчыся юрыдычнай адказнасці ад рэжыма і ад яго асобных дзеячаў за рэпрэсіі, за катаванні і за здзекі з людзей”.
“У бліжэйшыя тыдні” Зянковіч мае намер падаць ў Федэральны суд у Ню-Йорку і суд штату Ню-Йорк іскавыя заявы, у якіх “будуць прад’яўлены канкрэтныя юрыдычныя прэтэнзіі да Рэспублікі Беларусь, да КГБ, вышэйшых афіцэраў КДБ асабіста”, Лукашэнкі і супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы, суддзяў і пракурораў.
“Мы выкарыстаем некалькі інструментаў, якія нам дае амерыканскае заканадаўства”, — адзначыў экс-палітвязень.
У гэтым кантэксце спікер пералічыў чатыры федэральныя законы ЗША (FSIA (Foreign Sovereign Immunities Act 1976 года); TVPA (Torture Victim Protection Act, 1991); ATS (Alien Tort Statute, 1789); RICO (Racketeer Influenced and Corrupt Organizations Act, 1970)).
Паводле слоў Зянковіча, першы дакумент “гаворыць, што суверэнная дзяржава не можа выступаць адказчыкам у амерыканскіх судах, за выключэннем некалькіх сур’ёзных выпадкаў: катаванні, забойствы, тэрарыстычная дзейнасць, выкраданне за мяжой і масавыя забойствы (генацыд)”.
Другі і трэці — “даюць магчымасць падаваць у суды іскі супраць фізічных асоб — дзеячаў рэжымаў, якія парушалі правы чалавека і міжнародныя законы”.
Чацвёрты — як закон аб барацьбе з рэкетам распаўсюджваецца на дзеянні арганізаваных злачынных груповак (АЗГ), заявіў Зянковіч: “Я лічу, што беларуская ўлада мае ўсе рысы, каб яе назваць АЗГ”.
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка