Мінск 14:59

Лукашэнка хоча, каб “разумныя таргашы” з прыватных сетак абслугоўвалі “неперспектыўныя вёскі”

Фота: vgr.by

26 жніўня, Позірк. Аб неабходнасці прыцягнуць гандлёвыя сеткі для абслугоўвання насельніцтва “ў невялікія вёскі, хай нават неперспектыўныя”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 жніўня на нарадзе аб эфектыўнасці сістэмы рознічнага гандлю.

“Трэба забяспечыць баланс: будуеш прыбытковы бізнес у сталіцы і іншых буйных гарадах — вазьмі на сябе сацыяльную адказнасць па абслугоўванні спажыўца на вёсцы. Тым больш праблемных раёнаў не так ужо і шмат”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, “усе разумныя гандляры рынуліся ў буйныя гарады, пабудавалі тут крамы, нядрэнна жывуць, праўда, на Лазурным беразе ўсе гаспадары і ўласнікі”. “Ну дык арганізуйце так, каб яны працавалі там, у глыбінцы”, — загадаў ён чыноўнікам, якія прысутнічалі на нарадзе.

Лукашэнка заявіў, што для жыхароў вёсак закрыццё крамы “спараджае масу праблем” і “выклікае заканамерныя прэтэнзіі”. Людзі, паводле яго сцвярджэння, скардзяцца “на нязручны графік працы аўтамагазінаў і бедны асартымент”, а таксама — на наяўнасць тавараў з мінулымі тэрмінамі прыдатнасці. “Пратэрміноўка — гэта чырвоная лінія! Гэтага быць не павінна”, — запатрабаваў прамоўца.

Ён падкрэсліў, што адказнасць за абслугоўванне насельніцтва ляжыць на мясцовых органах улады, якія “як ніхто” ведаюць, што адбываецца ў рэгіёнах, і “абавязаныя арганізаваць гандаль у раёнах так, каб не было ніякіх нараканняў”.

Схема арганізацыі гандлю, паводле яго слоў, павінна быць простай: у раённым цэнтры працуюць некалькі максімальна напоўненых таварамі гандлёвых цэнтраў, у аграгарадках — меншыя крамы. У вялікіх вёсках, паводле слоў Лукашэнкі, трэба “навесці парадак і арганізаваць працу звычайнай крамы”, а таксама — арганізаваць “зручны для людзей развазны гандаль або дастаўку (каапсаюз, пошта, прыватнік — усё роўна)”.

Лукашэнка таксама запатрабаваў спрасціць асобныя “неабдуманыя моманты ў арганізацыі гандлю”, у тым ліку ў сферы цыфравізацыі, сярод якіх — атрыманне электронных лічбавых подпісаў, маркіроўка тавараў “спецыяльнымі пазнакамі і знакамі, якія для невялікай крамкі ў тры паліцы — цэлы квэст”.

“У любой справе можна дайсці да абсурду, упаўшы ў адміністрацыйны раж. Даніна модзе — бесталковая цыфравізацыя, напрыклад, уліку і продажу малочных прадуктаў, выклікала бурнае абурэнне як пакупнікоў, так і прадаўцоў (аж да звальнення) ва ўсіх рэгіёнах”, — заявіў ён.

Па выніках нарады, як паведамляюць дзяржСМІ, Лукашэнка распарадзіўся да 1 студзеня 2026 года стварыць “эфектыўную сістэму гандлёвага абслугоўвання па ўсёй Беларусі”.

5 жніўня Лукашэнка падпісаў указ № 294, накіраваны на “стварэнне дадатковых умоў для развіцця гандлю на тэрыторыі сельскай мясцовасці васьмі раёнаў” — у Браслаўскім, Гарадоцкім, Дубровенскім, Талачынскім і Шаркаўшчынскім раёнах Віцебскай вобласці, Вілейскім раёне Мінскай вобласці, а таксама Касцюковіцкім і Хоцімскім раёнах Магілёўскай вобласці.

Сярод іншага дакумент ускладае персанальную адказнасць на старшыняў выканкамаў гэтых раёнаў і абласцей “за нездавальняючае гандлёвае абслугоўванне насельніцтва”.

Кіраўнікі юрыдычных асоб названых рэгіёнаў будуць асабіста адказваць за “неналежную арганізацыю рознічнага гандлю”.

З 1 ліпеня ў Беларусі стала абавязковым счытванне кода маркіроўкі некаторых тавараў для “не дапушчэння рэалізацыі пакупнікам фальсіфікаваных, кантрафактных тавараў”, паведамілі раней у Міністэрстве падаткаў і збораў. Новаўвядзенне ўскладніла і замарудзіла працу прадаўцоў, якім неабходна сканаваць не толькі лінейны штрыхкод, але і QR-код, і выклікала незадаволенасць пакупнікоў.

Падзяліцца: