BelPol: Беларусь працягвае выконваць абаронныя замовы РФ, пастаўляючы прыцэлы і дэталі да боепрыпасаў

9 верасня, Позірк. У 2025 годзе Беларусь працягвае выконваць абаронныя замовы Расіі, пастаўляючы прыцэлы і дэталі да боепрыпасаў, паведамляе арганізацыя былых сілавікоў BelPol са спасылкай на атрыманыя звесткі.
Сёлета РФ атрымае “не менш за 1.180 прыцэлаў “Сасна-У” і электронных блокаў да гэтых прыцэлаў”, адзначыла арганізацыя, заявіўшы, што можа пацвердзіць гэта дакументамі. Згаданыя прыцэлы, паводле інфармацыі BelPol, з’яўляюцца часткай сістэмы кіравання агнём “Каліна”, якая выкарыстоўваецца пры мадэрнізацыі танкаў Т-72Б3, Т-80БВМ і Т-90М.
Акрамя таго, паводле звестак арганізацыі, працягваецца выпуск “прыцэлаў камандзіра панарамных” для расійскіх танкаў. Кожная партыя — больш за сотню адзінак.
Працягвае развіваць сваю вытворчасць ААТ “Пеленг”, дзе 2 жніўня 2025 года быў адкрыты новы доследны цэх, заяўляе BelPol. “Для вытворчасці прыцэлаў “Пеленг” бесперапынна ажыццяўляе набор работнікаў, напрыклад, такіх, як паліроўшчыкі аптычных дэталяў”, — гаворыцца ў матэрыяле.
Разам з пастаўкамі прыцэлаў у РФ, паводле інфармацыі арганізацыі, працягваецца пастаўка дэталяў да рэактыўных снарадаў калібру 122 мм. Звяртаецца ўвага на тое, што 17 ліпеня дэлегацыя прадстаўнікоў Дзяржкамваенпрама наведала Тульскую вобласць. У дэлегацыю ўвайшоў дырэктар прадпрыемства “Завод дакладнай электрамеханікі” (ініцыятыва называе завод “хабам паставак асобных дэталяў рэактыўных снарадаў 122 мм”) Юрый Чорны. У сустрэчы таксама ўзяў удзел дырэктар завода “Легмаш” Уладзіслаў Паўленка.
“Легмаш вырабляе карпусы баявой паражальнай часткі рэактыўнага снарада, трубы корпуса і шэраг іншых дэталей. Прадукцыя абодвух прадпрыемстваў пастаўляецца Тульскаму акцыянернаму таварыству НВА “СПЛАВ”, — адзначылі ў BelPol.
Арганізацыя заявіла, што “і ў 2025 годзе ДВПК і Мінпрам працягваюць пастаўляць дэталі і зборкі да боепрыпасаў у РФ”. BelPol мае намер ацаніць аб’ёмы вайсковай дапамогі РФ у 2025 годзе і пазней апублікаваць справаздачу.
У ліпені ініцыятыва былых сілавікоў паведаміла, што адкрытае акцыянернае таварыства “Рагачоўскі завод “Дыяпраектар” (Гомельская вобласць) з’яўляецца пастаўшчыком ключавых дэталяў у вытворчасці прыцэлаў “Сасна-У” для расійскіх танкаў Т-72Б3 і Т-80У.
Як вынікала з заявы ўпаўнаважанага прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслава Уласюка, у сучасных крылатых ракетах “Іскандэр” (9М727), якія выкарыстоўвае Расія, павялічылася колькасць кампанентаў расійскай і беларускай вытворчасці.
Уласюк паведаміў, што даследаваная Украінай “свежая” ракета “Іскандэр” утрымлівала 57 расійскіх і 5 беларускіх кампанентаў. У той жа час у ёй было каля 35 кампанентаў амерыканскай вытворчасці, а таксама па адным — японскай, брытанскай і швейцарскай. Узгадваецца ў заяве прадпрыемства “Інтэграл”.
Звесткі на партале War&Sanctions Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны сведчаць, што ў расійскім узбраенні ідэнтыфікавана 11 тыпаў кампанентаў, вырабленых у Беларусі.
Сярод вырабленых у Беларусі складных частак пераважае прадукцыя прадпрыемства “Інтэграл”. Акрамя таго, ідэнтыфікавана прадукцыя канструктарскага бюро “СКБ Захад” (філіял прадпрыемства “Цветатрон”) і прадпрыемства “Радыётэхніка”.
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка