Мінск 21:32

Лукашэнка заявіў пра неабходнасць стварэння ў Беларусі фінансава-прамысловых груп

Фота: soyuz.by

9 верасня, Позірк. У мэтах “прыцягнення ў эканоміку дадатковых рэсурсаў для рэалізацыі інвестыцыйных праграм” Нацыянальнаму банку з удзелам банкаў і дзяржорганаў “мэтазгодна прапрацаваць пытанне аб стварэнні фінансава-прамысловых груп”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 верасня ў Мінску на нарадзе з апаратам рэгулятара і кіраўніцтвам банкаў.

Паводле яго слоў, у Беларусі “неаднаразова падступаліся” да такіх груп. У прыватнасці, у 1995-м быў прыняты адпаведны ўказ, а ў 1999-м — спецыяльны закон, які ў 2012-м “сышоў на нішто”.

“Стварэнне ФПГ будзе садзейнічаць фармаванню новай сістэмы інвеставання, больш эфектыўнаму задзейнічанню фінансавых актываў банкаў як патэнцыйных інвестараў”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Да фінансавання інвестыцый, падкрэсліў ён, павінны актыўней падключацца не толькі банкі, але і небанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі, якім “трэба ўкараняць новыя фінансавыя інструменты падтрымкі”. Галоўны крытэрый пры гэтым — рост іх долі ў ВУП, дадаў прамоўца.

На нарадзе ён паставіў задачу пашырыць сферу прымянення лічбавых знакаў, якая “з’яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў лічбавага развіцця нацыянальнай эканомікі”.

Паводле яго слоў, выкарыстанне токенаў у фінансавай сферы дазваляе “мінімізаваць прысутнасць пасрэднікаў, аўтаматызаваць здзяйсненне здзелак з дапамогай смарт-кантрактаў і ўзмацніць кантроль карыстальнікаў над сваімі актывамі”.

“Сёння як ніколі актыўна праводзяцца разлікі з выкарыстаннем крыптавалют, павялічваецца іх роля ў забеспячэнні плацяжоў. За сем месяцаў гэтага года аб’ём знешніх плацяжоў праз крыптабіржы склаў 1,7 млрд долараў. Згодна з экспертнымі ацэнкамі, па выніках года ён можа дасягнуць 3 млрд”, — заявіў Лукашэнка.

Акрамя таго, ён звярнуў увагу, што рэгулятару варта забяспечыць “усе ўмовы, каб банкі маглі бесперашкодна фарміраваць рэсурсную базу ў неабходным аб’ёме”.

“Колькасць грошай у краіне павінна адпавядаць рэальным патрэбам эканомікі і не прыводзіць да росту цэн. У гэтай сувязі задача Нацыянальнага банка — узмацніць кантроль за грашовай прапановай”, — сказаў Лукашэнка.

Фінансава-прамысловая група — аб’яднанне прамысловых прадпрыемстваў з фінансавымі ўстановамі на аснове ўсталяваных паміж імі эканамічных і фінансавых адносін. Можа быць у форме асобнай камерцыйнай юрасобы.

Уся нарматыўная і тэхнічная база па лічбавым беларускім рублі будзе гатовая да канца 2026 года, паведаміў першы намеснік кіраўніка Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў у сюжэце, паказаным 7 верасня ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1”. Паводле слоў чыноўніка, ужо распрацаваны праект адпаведнага закона, а паралельна вядуцца тэхналагічныя работы па стварэнні платформы.

“Позірк” раней паведамляў, што сума наяўных грошай у абароце (агрэгат М0) на 1 жніўня 2025 года склала 13 млрд 644,5 млн рублёў і павялічылася ад пачатку года на 1 млрд 788,2 млн (на 1 студзеня — 11 млрд 856,3 млн; +15,1%).

Пераводныя дэпазіты ад пачатку года сталі меншымі на 1,6% — з 17 млрд 519 млн да 17 млрд 237,1 млн.

Наяўныя грошы ў абароце і пераводныя дэпазіты ў нацыянальнай валюце (М1) павялічыліся на 5,1% — з 29 млрд 375,3 млн да 30 млрд 886,1 млн.

Грашовая маса ў нацыянальным вызначэнні (М2) павялічылася з 52 млрд 222,1 млн да 56 млрд 146,5 млн (+7,5%), рублёвая грашовая маса (М2*) — з 53 млрд 991,5 млн да 58 млрд 594,6 млн (+8,5%), шырокая грашовая маса (М3) — з 88 млрд 750,4 млн да 93 млрд 671,4 млн (+5,5%).

Падзяліцца: