Мінск 01:25

Праваабаронцы запатрабавалі распачаць крымінальную справу па факце гібелі палітвязня Паднябеннага

Крыніца: "Вясна"

10 верасня, Позірк. Кожная смерць палітвязня ў месцах пазбаўлення волі з’яўляецца “следствам сістэмнай дзяржаўнай палітыкі бесчалавечнага абыходжання з людзьмі, заснаванага на палітычных матывах”, гаворыцца ў сумеснай заяве праваабаронцаў у сувязі з гібеллю ў зняволенні Андрэя Паднябеннага.

Заява апублікаваная 10 верасня на сайце праваабарончага цэнтра “Вясна”.

“Улады Беларусі павінны ўсвядоміць, што падобныя выпадкі смерцяў палітычных зняволеных толькі пацвярджаюць выказаныя праваабаронцамі ацэнкі адносна выканання правоў чалавека і страты Беларуссю прыкмет прававой дзяржавы”, — адзначаюць праваабаронцы.

Яны заклікалі ўлады прызнаць, што “адвольнае зняволенне і пераслед за выказванне палітычных перакананняў” супярэчаць асноўным прынцыпам дэмакратыі і прававога парадку, а “недастатковая ўвага да гэтых праблем і адсутнасць канкрэтных дзеянняў для іх вырашэння толькі паглыбляюць крызіс у галіне правоў чалавека ў краіне і пагаршаюць яе міжнародную рэпутацыю”.

Смерці палітвязняў “толькі падкрэсліваюць неабходнасць неадкладных і канкрэтных захадаў з боку ўладаў для выпраўлення сітуацыі”, гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы заяўляюць пра “неабходнасць максімальна магчымых дыпламатычных намаганняў з боку міжнароднай супольнасці, накіраваных на вызваленне людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі ў месцах несвабоды паводле палітычных матываў”.

Аўтары заявы запатрабавалі ад беларускіх уладаў узбуджэння крымінальнай справы па факце смерці Паднябеннага, правядзення “аб’ектыўнага і ўсебаковага расследавання” для ўстанаўлення прычын гібелі мужчыны, а таксама інфармавання “грамадскасці аб выніках расследавання смерцяў іншых палітычных зняволеных у беларускіх турмах”.

Таксама неабходна забяспечыць“належную медыцынскую і псіхалагічную дапамогу ў месцах прымусовага ўтрымання”, выкананне Канстытуцыі і міжнародных абавязацельстваў па забеспячэнні аховы жыцця і здароўя асоб, пазбаўленых волі і якія знаходзяцца ў ізаляцыі.

Акрамя гэтага, беларускія ўлады павінны “няўхільна выконваць міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека”, забяспечыць“ незалежнасць судоў, абарону свабоды слова і меркавання, а таксама гарантыі справядлівага судовага разбіральніцтва для ўсіх грамадзян, незалежна ад іх палітычных перакананняў або сацыяльнага статусу”.

Паднябенны — дзявяты палітвязень, які памёр у Беларусі ў няволі за апошнія пяць гадоў, нагадалі праваабаронцы.

Заяву, акрамя “Вясны”, падпісалі Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН, “Прававая ініцыятыва”, Беларускі дом правоў чалавека.

36-гадовы Паднябенны памёр 3 верасня ў калоніі № 15 Магілёва. Яго знайшлі павешаным.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, Паднябенны — грамадзянін Расіі, але з 6 гадоў пражываў у Беларусі, маючы дазвол на жыхарства. У 2021 годзе ў рамках закрытага працэсу суддзя Анатоль Сотнікаў прыгаварыў яго да 15 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 1 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 1 і 2 арт. 289 (акт тэрарызму) Крымінальнага кодэкса.

Палітвязень быў прызнаны вінаватым у падпале машыны начальніка ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, праколе колаў 39 тралейбусаў, стварэнні і адміністраванні канала і чата ў “Тэлеграме“, якія аднесены да “экстрэмісцкага фарміравання“, а таксама падпале крана на будоўлі ў 2019 годзе.

3 студзеня 2023 года Гомельскі абласны суд вынес яшчэ адзін прыгавор Паднябеннаму, абвінавачанаму дадаткова па ч. 1 і 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы) КК. У выніку да 15 гадоў зняволення дадалося яшчэ 1 год і 8 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя таго, палітвязень быў аштрафаваны на 1.000 базавых велічынь (на той момант 37 тыс. рублёў). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Руслан Царук.

У 2022–2024 гадах у беларускіх месцах несвабоды памерла не менш за сем чалавек, якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітычнымі зняволенымі: Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч, Дзмітрый Шлетгаўэр.

20 траўня стала вядома, што на пачатку 2025 года памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. Дакладная дата смерці і яе абставіны невядомыя. Таксама няма інфармацыі, ці памёр Штэрмер у калоніі або пасля шпіталізацыі.

Акрамя таго, некаторыя грамадзяне, якіх праваабаронцы прызнавалі палітвязнямі, памерлі неўзабаве пасля вызвалення.

Падзяліцца: