Праект “ГУЛАГу — не” запрасіў работнікаў беларускіх турмаў да супрацоўніцтва для выкрыцця фактаў катаванняў і забойства палітвязняў

10 верасня, Позірк. “Заганныя метады “ФСБ/ФСВП” цяпер актыўна ўжываюцца і ў Беларусі“, гаворыцца ў заяве расійскага праекта “ГУЛАГу — не“ з нагоды гібелі ў магілёўскай калоніі палітвязня, грамадзяніна Расіі Андрэя Паднябеннага.
“Мы запрашаем супрацоўнікаў беларускіх турмаў і калоній (уваходзяць у сістэму Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. — “Позірк”.) да супрацоўніцтва, гарантуем падтрымку, канфідэнцыяльнасць і садзейнічанне ў пераездзе ў бяспечнае і прыгожае месца ў выпадку дзейнага ўдзелу ў выкрыцці фактаў катаванняў і забойстваў палітвязняў“, — гаворыцца ў заяве.
Актывісты “ГУЛАГу — не” нагадалі прыклад беларуса Сяргея Савельева, якому ўдалося вынесці жорсткі дыск з архівам ФСВП/ФСБ (Федэральная служба выканання пакаранняў, Федэральная служба бяспекі) і перадаць яго ў Францыі.
“Калі б не Савельеў і не наша праца, забойцы працягвалі б катаваць, гвалтаваць і забіваць, хаваючы жахлівыя злачынствы пад выглядам суіцыдаў і смерці ад хвароб“, — падкрэсліваецца ў заяве.
Супрацоўнікаў беларускага ДВП заклікалі “выкрываць катавальныя канвееры і рабіць свет больш бяспечным”.
36-гадовы Паднябенны памёр 3 верасня ў калоніі № 15 Магілёва. Яго знайшлі павешаным.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, Паднябенны — грамадзянін Расіі, але з 6 гадоў пражываў у Беларусі, маючы дазвол на жыхарства. У 2021 годзе ў рамках закрытага працэсу суддзя Анатоль Сотнікаў прыгаварвыў яго да 15 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 1 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 1 і 2 арт. 289 (акт тэрарызму) Крымінальнага кодэкса.
3 студзеня 2023 года Гомельскі абласны суд вынес яшчэ адзін вырак Паднябеннаму, абвінавачанаму дадаткова па ч. 1 і 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) КК. У выніку да 15 гадоў зняволення дадалося яшчэ 1 год і 8 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя таго, палітвязень быў аштрафаваны на 1.000 базавых велічынь (на той момант 37 тыс. рублёў). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Руслан Царук.
Беларускія праваабаронцы запатрабавалі ад уладаў узбуджэння крымінальнай справы па факце смерці палітвязня, правядзення “аб’ектыўнага і ўсебаковага расследавання“ для ўстанаўлення прычын гібелі Паднябеннага, а таксама інфармавання “грамадскасці аб выніках расследавання смерцяў іншых палітычных зняволеных у беларускіх турмах“.
У 2022-2024 гадах у беларускіх месцах несвабоды памерла не менш за сем чалавек, якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітычнымі зняволенымі: Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч, Дзмітрый Шлетгаўэр.
20 траўня стала вядома, што на пачатку 2025 года памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. Дакладная дата смерці і яе абставіны невядомыя. Таксама няма інфармацыі, ці памёр Штэрмер у калоніі або пасля шпіталізацыі.
Акрамя таго, некаторыя грамадзяне, якіх праваабаронцы прызнавалі палітвязнямі, памерлі неўзабаве пасля вызвалення.
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь на другім месцы ў ЕАЭС па падаражэнні прампрадукцыі за годМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаУ ліпені ў ЕАЭС цэны на сельгаспрадукцыю выраслі толькі ў Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка