Мінск 14:14

Праект “ГУЛАГу — не” запрасіў работнікаў беларускіх турмаў да супрацоўніцтва для выкрыцця фактаў катаванняў і забойства палітвязняў (дапоўнена)

Дададзеная інфармацыя аб падпісанні пагаднення паміж ДВП МУС Беларусі і ФСВП РФ

Ілюстрацыя: Tim Hufner / unsplash.com

11 верасня, Позірк. “Заганныя метады “ФСБ/ФСВП” цяпер актыўна ўжываюцца і ў Беларусі“, гаворыцца ў заяве расійскага праекта “ГУЛАГу — не“ з нагоды гібелі ў магілёўскай калоніі палітвязня, грамадзяніна Расіі Андрэя Паднябеннага.

“Мы запрашаем супрацоўнікаў беларускіх турмаў і калоній (уваходзяць у сістэму Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. — “Позірк”.) да супрацоўніцтва, гарантуем падтрымку, канфідэнцыяльнасць і садзейнічанне ў пераездзе ў бяспечнае і прыгожае месца ў выпадку дзейнага ўдзелу ў выкрыцці фактаў катаванняў і забойстваў палітвязняў“, — гаворыцца ў заяве.

Актывісты “ГУЛАГу — не” нагадалі прыклад беларуса Сяргея Савельева, якому ўдалося вынесці жорсткі дыск з архівам ФСВП/ФСБ (Федэральная служба выканання пакаранняў, Федэральная служба бяспекі) і перадаць яго ў Францыі.

“Калі б не Савельеў і не наша праца, забойцы працягвалі б катаваць, гвалтаваць і забіваць, хаваючы жахлівыя злачынствы пад выглядам суіцыдаў і смерці ад хвароб“, — падкрэсліваецца ў заяве.

Супрацоўнікаў беларускага ДВП заклікалі “выкрываць катавальныя канвееры і рабіць свет больш бяспечным”.

36-гадовы Паднябенны памёр 3 верасня ў калоніі № 15 Магілёва. Яго знайшлі павешаным.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, Паднябенны — грамадзянін Расіі, але з 6 гадоў пражываў у Беларусі, маючы дазвол на жыхарства. У 2021 годзе ў рамках закрытага працэсу суддзя Анатоль Сотнікаў прыгаварвыў яго да 15 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 1 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 1 і 2 арт. 289 (акт тэрарызму) Крымінальнага кодэкса.

3 студзеня 2023 года Гомельскі абласны суд вынес яшчэ адзін вырак Паднябеннаму, абвінавачанаму дадаткова па ч. 1 і 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) КК. У выніку да 15 гадоў зняволення дадалося яшчэ 1 год і 8 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя таго, палітвязень быў аштрафаваны на 1.000 базавых велічынь (на той момант 37 тыс. рублёў). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Руслан Царук.

Беларускія праваабаронцы запатрабавалі ад уладаў узбуджэння крымінальнай справы па факце смерці палітвязня, правядзення “аб’ектыўнага і ўсебаковага расследавання“ для ўстанаўлення прычын гібелі Паднябеннага, а таксама інфармавання “грамадскасці аб выніках расследавання смерцяў іншых палітычных зняволеных у беларускіх турмах“.

У 2022-2024 гадах у беларускіх месцах несвабоды памерла не менш за сем чалавек, якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітычнымі зняволенымі: Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч, Дзмітрый Шлетгаўэр.

20 траўня стала вядома, што на пачатку 2025 года памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. Дакладная дата смерці і яе абставіны невядомыя. Таксама няма інфармацыі, ці памёр Штэрмер у калоніі або пасля шпіталізацыі.

Акрамя таго, некаторыя грамадзяне, якіх праваабаронцы прызнавалі палітвязнямі, памерлі неўзабаве пасля вызвалення.

Дапаўненне.

Як паведаміла 10 верасня газета беларускага МУС “На страже“, “Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Беларусі ў гэтыя дні наведвае дэлегацыя Федэральнай службы выканання пакаранняў Расіі“. У рамках візіту падпісаная “Рабочая праграма супрацоўніцтва пенітэнцыярных ведамстваў дзвюх краін” на 2026–2028 гады. Дакумент “прадугледжвае рэалізацыю канкрэтных мерапрыемстваў па абмене досведам у сферы выканання пакаранняў“.

“Падчас сустрэчы начальніка ДВП МУС Беларусі Алега Маткіна і дырэктара ФСВП Расіі Аркадзя Госцева абмеркаваны шырокі спектр актуальных пытанняў узаемадзеяння. Кіраўнікі далі станоўчую ацэнку шматгадоваму супрацоўніцтву, пазначыўшы далейшыя перспектывы працы ў двухбаковым фармаце. Таксама адбыўся абмен думкамі па сумеснай дзейнасці ў рамках Савета кіраўнікоў пенітэнцыярных службаў дзяржаў — удзельніц СНД”, — адзначаецца ў публікацыі.

Дэлегацыя наведала прадпрыемства пад назвай “Чатырнаццаць” у вёсцы Навасады Барысаўскага раёна, дзе працуюць зняволеныя папраўчай калоніі № 14. “Цікавасць выклікала функцыянаванне гандлёвай сеткі брэнда “еДИН“ (ад рускамоўнага “Департамент исполнения наказаний”. — “Позірк”.) — калегі вывучылі прапанаваную прадукцыю і фарматы яе рэалізацыі“, — гаворыцца ў паведамленні міліцэйскага СМІ.

Падзяліцца: