Мінск 13:53

Лукашэнка ды іншыя чыноўнікі ўдзельнічалі ў злачынствах супраць чалавечнасці — Група незалежных экспертаў

Ілюстрацыйнае фота: Ekaterina Bolovtsova / pexels.com

13 верасня, Позірк. Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі “прыкметна пагоршылася” пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка прыняў у красавіку 2020 года рашэнне “перавыбрацца на новы тэрмін”, гаворыцца ў дакладзе Групы незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі “Ліквідацыя прабелаў у сферы прыцягнення да адказнасці за парушэнні правоў чалавека і звязаныя з імі злачынствы ў Беларусі” (датаваны 4 верасня, апублікаваны 12 верасня 2025 года).

Нагадваецца, што ў адказ на дэманстрацыі, на якія “сотні тысяч людзей выходзілі, <…> каб выказаць сваю нязгоду з вынікамі выбараў”, улады разгарнулі “масавыя і жорсткія рэпрэсіі, якія цягнуцца дагэтуль”.

“З 1 траўня 2020 года сілавыя структуры Беларусі сістэматычна выкарыстоўваюць гвалт і пакаранні, якія прыраўноўваюцца да грубых парушэнняў правоў чалавека, каб стварыць атмасферу страху, якая спыняе любы выклік існай сістэме праўлення, — адзначана ў дакладзе. — Беларусь душыць іншадумства шляхам празмернага выкарыстання сілы, адвольных арыштаў і затрыманняў, сексуальнага і гендарнага гвалту, катаванняў і неналежнага судовага разбіральніцтва”.

“Паводле ацэнак, з 2020 года 600.000 чалавек былі вымушаныя пакінуць Беларусь у рамках узгодненай кампаніі гвалту і рэпрэсій, наўмысна скіраванай супраць тых, хто выступае супраць урада ці лічыцца яго праціўнікам або выказвае крытычныя ці незалежныя меркаванні”, — канстатавалі эксперты.

Адзначаецца, што ўлады “стварылі мэтанакіравана варожае асяроддзе, якое прымусіла значную частку грамадзянскага насельніцтва Беларусі накіравацца ў выгнанне і перашкаджае іх бяспечнаму вяртанню”. Пры гэтым афіцыйны Мінск прадэманстраваў “нежаданне і/або няздольнасць забяспечыць належную абарону або гарантыі ў выпадках парушэнняў правоў чалавека”, паколькі сам з’яўляецца “вінаватым у такіх парушэннях”.

“Група мае разумныя падставы меркаваць, што некаторыя з задакументаваных парушэнняў правоў чалавека прыраўноўваюцца да міжнародных злачынстваў, бо яны былі здзейсненыя наўмысна ў рамках шырокамаштабнага і сістэматычнага нападу на частку грамадзянскага насельніцтва Беларусі, а выканаўцы такіх парушэнняў ведалі пра напад і пра тое, што іх дзеянні з’яўляліся яго часткай. У прыватнасці, Група высветліла, што злачынствы супраць чалавечнасці ў выглядзе пераследу з палітычных матываў і змяшчэння ў турму былі здзейсненыя з 1 траўня 2020 года”, — гаворыцца ў дакуменце.

Той факт, што шматлікія “дзяржаўныя суб’екты” дагэтуль маюць дачыненне да рэпрэсіўнай “дзейнасці выведвальных службаў і сілавых структур” ва ўмовах беспакаранасці, “сведчыць пра тое, што напады на грамадзянскае насельніцтва Беларусі застаюцца пастаяннымі, шырокамаштабнымі, сістэматычнымі і ажыццяўляюцца ў мэтах рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі”.

Рэспубліка Беларусь, на думку аўтараў дакумента, “нясе адказнасць за грубыя і неаднаразовыя парушэнні” палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, Канвенцыі супраць катаванняў.

“Маюцца разумныя падставы меркаваць, што Рэспубліка Беларусь нясе адказнасць і павінна быць прыцягнутая да адказнасці за сур’ёзныя, сістэматычныя і шырока распаўсюджаныя парушэнні правоў чалавека з палітычных матываў ў дачыненні да прадстаўнікоў насельніцтва, якія рэальна або меркавана выступаюць супраць урада”, — падкрэслілі эксперты.

У дакладзе прыведзеная схема, якая ілюструе інстытуцыйная падпарадкаванасць Аляксандру Лукашэнку, дзяржаўных структур, якія маюць дачыненне да рэпрэсій, — Аператыўна-аналітычнага цэнтра, Службы бяспекі прэзідэнта, Міністэрства ўнутраных спраў, Савета бяспекі, Следчага камітэта, Міністэрства абароны (у падпарадкаванні якога асобна згаданыя сілы спецыяльных аперацый і галоўнае выведвальнае ўпраўленне), Камітэта дзяржбяспекі (ніжэй — спецпадраздзяленне “Альфа”), Міністэрства юстыцыі, Генеральнай пракуратура. Акрамя таго, згодна з дакументам, дэ-факта Лукашэнку падпарадкавана ўся судовая сістэма.

Прыведзена схема структурных падраздзяленняў МУС, якія маюць дачыненне, на думку экспертаў, да парушэнняў правоў чалавека (у тым ліку ГУБАЗіК, Дэпартамент выканання пакаранняў ды інш.).

“Група мае разумныя падставы меркаваць, што прэзідэнт і іншыя высокапастаўленыя дзяржаўныя чыноўнікі ўдзельнічалі ў злачынствах супраць чалавечнасці ў выглядзе палітычнага пераследу і змяшчэння ў турму і таму лічыць, што ў дачыненні да іх павінны быць праведзеныя судовыя расследаванні для вызначэння іх індывідуальнай крымінальнай адказнасці. Непасрэдныя выканаўцы задакументаваных злачынстваў таксама нясуць адказнасць за свае дзеянні”, — гаворыцца ў дакуменце.

Эксперты прыйшлі да высновы, што Лукашэнка “метадычна выкарыстоўваў дзяржаўны апарат для захавання сваёй улады”. У сілу “свайго найвышэйшага становішча ў сістэме кіравання”, а таксама “загадаў, якія ён аддаваў і перадаваў”, Лукашэнка “граў цэнтральную ролю ў здзяйсненні парушэнняў і злачынстваў і, у цэлым, у арганізаваным рэпрэсіўным апараце ў Беларусі”.

Нагадаўшы, што Канстытуцыя Беларусі надзяляе прэзідэнта імунітэтам да адказнасці за дзеянні ў перыяд паўнамоцтваў, а “ў звычайным міжнародным праве прадастаўленне імунітэту кіраўнікам дзяржаў разглядаецца як абавязацельства”, група экспертаў заявіла, што падтрымлівае “ўсё больш распаўсюджаную ідэю”: “Захаванне правоў ахвяр цяжкіх злачынстваў мусіць мець прыярытэт над любымі прэтэнзіямі на імунітэт у дачыненні да найбольш сур’ёзных злачынстваў, якія выклікаюць заклапочанасць міжнароднай супольнасці”. На думку аўтараў даклада, гэта “асабліва правільна ў кантэксце важнасці прынцыпу барацьбы з беспакаранасцю”.

Дакумент утрымлівае “агляд спосабаў прыцягнення да адказнасці за парушэнні правоў чалавека і звязаныя з імі злачынствы па-за межамі Беларусі”. Пералічаныя варыянты, як адзначаецца, “адлюстроўваюць меркаванні беларусаў, якія даверылі Групе свае гісторыі і надзеі на справядлівасць, прыцягненне да адказнасці і захаванне правоў чалавека”.

Варыянт стварэння спецыяльнага трыбунала (міжнароднага або гібрыднага, інтэграванага ў нацыянальную судовую сістэму), на думку экспертаў, “на сённяшні дзень малаверагодны”.

У той жа час група вітала намаганні краін — удзельніц Рымскага статута, якія звяртаюцца ў Міжнародны крымінальны суд (МКС) наконт Беларусі ў кантэксце парушэнняў. МКС, на думку экспертаў, “мог бы неадкладна распачаць расследаванне ў дачыненні да асоб, якія здзейснілі цяжкія злачынствы ў Беларусі”. Аўтары даклада гатовыя “падзяліцца інфармацыяй з адпаведнымі нацыянальнымі, рэгіянальнымі або міжнароднымі судамі або трыбуналамі, уключаючы МКС, якія могуць выкарыстоўваць гэтую інфармацыю для пераследу меркаваных вінаватых”.

Кажучы пра прыцягненне да адказнасці ў рамках універсальнай юрысдыкцыі эксперты адзначылі, што “як мінімум у шасці нацыянальных юрысдыкцыях за межамі Беларусі” зафіксаваныя “намаганні ахвяр па ўзбуджэнні крымінальных спраў”, аднак “ніводная справа не дайшла да стадыі афіцыйнага абвінаваўчага заключэння або выдачы ордара на арышт”.

Разам з тым эксперты адзначылі, што ўлады Беларусі нясуць адказнасць “за грубае і сістэматычнае невыкананне сваіх абавязацельстваў па забароне катаванняў і жорсткага абыходжання”, што можа быць прадметам разгляду ў Міжнародным судзе.

Аднак, на думку аўтараў дакладу, “кожны з апісаных <…> патэнцыйных падыходаў да прыцягнення да юрыдычнай адказнасці павінен у перспектыве падмацоўвацца нацыянальным судовым пераследам у Беларусі”. Але пакуль у Беларусі “захоўваецца сістэма карупцыі і кліенталізму, якая абараняе рэпрэсіўны характар” улады Лукашэнкі, “рэальных перспектыў для прыцягнення да адказнасці ўнутры краіны” не існуе.

Група незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі была створаная 26 сакавіка 2024 года ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Савета па правах чалавека ААН. У яе ўваходзяць Карына Маскаленка (старшыня), Сьюзан Базілі і Моніка Платэк.

Падзяліцца: