Мінск 20:09

Былы пробашч Чырвонага касцёла ксёндз Завальнюк пачаў служэнне ў Барысаве

Фота: katolik.life

16 верасня, Позірк. Былы шматгадовы пробашч мінскай парафіі святых Сымона і Алены (прыход Чырвонага касцёла) ксёндз Уладзіслаў Завальнюк прыступіў да служэння на чале парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве (Мінская вобласць), паведамляе партал katolik.life.

Адзначаецца, што ксёндз, які больш за год быў незапатрабаваны, 14 верасня правёў першую імшу ў барысаўскім касцёле.

2 жніўня Завальнюк заявіў на сваім ютуб-канале “Голас Душы”, што яго адправілі на пенсію “на загад звыш, але не папы [рымскага]”.

26 ліпеня 2024 года мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Іосіф Станеўскі прыняў рашэнне прызначыць пробашчам парафіі Чырвонага касцёла ксяндза Франца Рудзя. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, якая абвясціла пра гэта, паведаміла, што ксёндз Завальнюк дасягнуў 75-гадовага ўзросту і пасля 30 гадоў кіравання парафіяй падаў прашэнне аб звальненні, якое было задаволена. Парафіяне звярталіся да Станеўскага з просьбай аднавіць Завальнюка ў служэнні, не верачы, што той “прасіў аб звальненні”.

Да моманту адхілення Завальнюка ад пасады пробашча парафіі Чырвоны касцёл быў зачынены ўжо каля двух гадоў. У сакавіку 2023 года ініцыятыва “Хрысціянская візія” са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што адной з умоў, пасля выканання якіх улады згодныя вярнуць касцёл вернікам, можа быць адстаўка Завальнюка.

Чырвоны касцёл не працуе з 26 верасня 2022 года. Яго закрылі (афіцыйна — на рамонт) пасля пажару, які, як сцвярджалася, здарыўся праз праблемы з электраправодкай. З-за падазроных абставін здарэння і далейшых паводзін чыноўнікаў узнікла меркаванне, што ўлады хочуць выкарыстаць сітуацыю з касцёлам як рычаг ціску на беларускую каталіцкую супольнасць, стасункі з якой ускладніліся пасля падзей 2020 года.

Рамонт у Чырвоным касцёле распачаўся ў чэрвені 2025 года. Згодна з планамі работ, рэканструкцыя мае завяршыцца ў снежні 2026 года, а здаць аб’ект у эксплуатацыю плануецца ў студзені 2027-га.

Ад пачатку восені 2020 года па 28 красавіка 2025-га, паводле звестак “Хрысціянскай візіі”, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнулася 89 хрысціянскіх служыцеляў, у тым ліку рымска-каталіцкага касцёла — 34, грэка-каталіцкай царквы — 5.

Падзяліцца: