Мінск 13:37

У метадычцы да “дня народнага адзінства“ ідэолагі называюць карту паляка “таўром, якім пазначаюць быдла“

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 17 верасня 2025 года ў 13:20

Ілюстрацыя: gov.pl

17 верасня, Позірк. Антыпольскай прапагандзе адведзена значнае месца ў метадычных матэрыялах да вераснёўскага “адзінага дня інфармавання насельніцтва“, распрацаваных НДІ тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры прэзідэнце для інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, куды ўваходзяць ідэолагі і чыноўнікі.

Тэма гэтага месяца — “Дзень народнага адзінства: значэнне міру і згоды“ (адзначаецца 17 верасня, дзень “інфармавання” пройдзе 18 верасня).

Метадычкі традыцыйна выдадзеныя для працы з трыма катэгорыямі насельніцтва — моладдзю, інтэлігенцыяй і работнікамі “прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі“.

Найбольш грубыя выпады, як паказаў праведзены “Позіркам” аналіз, утрымліваюцца ў матэрыялах для інтэлігенцыі.

“Цяперашні польскі істэблішмэнт, падобна, лічыць сябе прамым спадчыннікам рэжыму Пілсудскага. Аж да пагарды да немцаў. Аж да лізаблюдства перад англасаксамі. Аж да бяссуднага забойства мігрантаў, якія асмеліліся ступіць на польскую зямлю. Гэта год за годам пацвярджаюць мары польскіх уладаў аб “трэцяй Рэчы Паспалітай, Балта-Чарнаморскім калектары, новай Антанце, вяртанні Валыні та Галічыны“ і іншых глупствах“, — сцвярджаюць ідэолагі Акадэміі кіравання.

“Калі ўдумацца, — працягваюць яны, — то праславутая “карта паляка“, якая ахвотна выдаецца любому беларусу, які гатовы пацвердзіць (або купіць) сваю “польскасць”, — гэта ёсць таўро, якім пазначаюць быдла. Якое гаспадары ставяць на сваю маёмасць, хай нават будучую — а на сябе, натуральна, не ставяць, няма дзеля чаго”.

“Звяртаючыся да біблейскіх тэкстаў, цягу асобных чалавечых асобін да карты паляка можна апісаць як “прадаў першародства за поліўку”, — гаворыцца ў матэрыяле для ідэалагічнай апрацоўкі інтэлігенцыі.

На думку аўтараў метадычкі, “нават калі такой мэты не меркавалася, карта паляка правакуе яе ўладальніка на адчужэнне ад грамадства і краіны, грамадзянінам якой ён з’яўляецца, уносіць раскол”.

У матэрыяле сцвярджаецца, што ў перыяд уваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы польскае грамадства ставілася да коней і кароў “нашмат лепш, чым да беларусаў, якія парабкавалі на паноў (і ўкраінцаў, і літоўцаў). Быдла шанавалася, яно ішло на экспарт… у Еўропу…“ (арфаграфія захаваная).

“Тыя, хто ездзіў на заробкі ў сучасную Польшчу — збіраць яблыкі, трускаўку, выконваць чарнавую працу на будоўлях або на фермах, — ведаюць: стаўленне мала змянілася за мінулыя ўжо сто гадоў“, — заяўляюць ідэолагі.

18 студзеня 2024 года начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун заявіў, што ў Беларусі праводзіцца “комплекс мерапрыемстваў”, каб “пераканаць грамадзян, што “карта паляка” наносіць шкоду, у тым ліку нацыянальнай бяспецы Беларусі, і выкарыстоўваць яе на тэрыторыі Беларусі, і атрымліваць “карту паляка” недапушчальна”. Паводле яго сцвярджэння, “толькі за паўгода” 2023-га зафіксавана” больш за 100 выпадкаў, калі грамадзяне публічна звярнуліся” ў МУС, “каб адмовіцца ад “карты паляка”.

Паводле розных ацэнак, “карту паляка”, якую польскія ўлады ўвялі ў 2007 годзе, маюць не менш за 160 тыс. грамадзян Беларусі. Дакумент пацвярджае прыналежнасць да польскага народа, але не дае права на польскае грамадзянства, гарантуе шэраг пераваг, у тым ліку атрыманне нацыянальнай візы, права на адукацыю і працу ў Польшчы.

Падзяліцца: