Мінск 23:16

Адмову вызваляць Пачобута Лукашэнка матываваў пазіцыяй “камісіі па вяртанні“

Анджэй Пачобут
Фота: sb.by

17 верасня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка пераклаў на камісію па разглядзе зваротаў грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой (т. зв. камісія па вяртанні) адказнасць за адмову вызваляць палітвязня, аднаго з актывістаў польскай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута.

17 верасня на сустрэчы з “ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю“, прысвечанай “дню народнага адзінства”, Лукашэнка даў зразумець, што пытанне аб вызваленні Пачобута разглядалася, але было знятае.

“Так, мы будзем вызваляць гэтых людзей (палітвязняў. — “Позірк”.) паступова, спакойна. Першае. Калі [старшыня Белтэлерадыёкампаніі] Іван Міхайлавіч [Эйсмант] са сваімі ў камісіі прыме такое рашэнне. Вы бачыце, што я ўвесь час… Нават [калі] я магу прыняць рашэнне [аб памілаванні] — ідзіце ў камісію, вы іх лепш ведаеце. А раптам [Андрэй] Мукавозчык (прапагандыст газеты Адміністрацыі Лукашэнкі “СБ. Беларусь сёння”. — “Позірк”.) убачыць, што там гэта сволач сволаччу. І ён жа пра гэта скажа. Ну, мы адступім і скажам не, як па гэтым Пачобуце ці іншым“, — заявіў Лукашэнка.

“Чаму я так спакойна іду, адпускаю і іншае? Мы ведаем, чым дыхае кожны. Там большая палова сядзельцаў, якія па суду там сядзяць, яны зразумелі, чаго гэта каштавала, і асуджаюць тых, хто збег: а, збеглі, нас кінулі? І сваякі мне ж пішуць кожны дзень лісты: яны не маюць і не будуць мець да гэтага ніякага дачынення“, — сказаў выступоўца.

8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Анджэя Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Крымінальнага кодэкса.

Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязнем. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ён адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні і прыняць выезд з Беларусі як умову датэрміновага вызвалення.

Пасля рашэння суда, 10 лютага 2023 года, Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных на той для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца). З 12 верасня 2025 года ў мэтах бяспецы мяжа закрытая польскімі ўладамі цалкам.

11 верасня, пасля прымусовага вывазу ў Літву больш за 50 зняволеных у рамках угоды паміж Вашынгтонам і Мінскам, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што пытанне вызвалення Пачобута застаецца прыярытэтам для Варшавы. “[Пачобут] з’яўляецца першым у спісе нашых чаканняў”, — сказаў ён. Туск не выключыў, што “гэта прычына, па якой яны не хочуць яго вызваляць”.

Разам з “камісіяй па вяртанні”, створанай у лютым 2023 года, існуе профільная камісія па пытаннях памілавання і вызвалення ад крымінальнай адказнасці пры прэзідэнце, якая дзейнічае на падставе ўказа Лукашэнкі ад 3 снежня 1994 года.

Падзяліцца: