Мінск 22:49

Закрыццё Польшчай мяжы ўдарыла па экспарце “Беларуськалія” — СЧБ

22 верасня, Позірк. Закрыццё польскай мяжы “ўдарыла па двух ключавых сектарах адначасова: транзіце “Кітай — Еўропа” і экспарту беларускіх калійных угнаенняў”, лічыць “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі” (СЧБ).

“Калі першыя страты Беларускай чыгункі можна ацаніць дзесяткамі мільёнаў долараў упушчанай выручкі, то для “Беларуськалія” наступствы маюць больш стратэгічны характар: скарачэнне кантэйнернага патоку пазбаўляе кампанію аднаго з нямногіх працоўных маршрутаў у Кітай”, — гаворыцца ў распаўсюджаным ініцыятывай 22 верасня каментары.

Акрамя таго, “Беларуськалій” будзе вымушаны “яшчэ мацней спадзявацца на расійскую інфраструктуру, што павялічвае сабекошт і робіць кампанію ўразлівай да перагрузак у партах і змены тарыфнай палітыкі ў РФ”. Гэта прывядзе да пагаршэння сітуацыі з-за росту лагістычных выдаткаў, зазначаюць аўтары.

Разам з тым, лічыць СЧБ, галоўнае наступства закрыцця мяжы не толькі для БЧ, але і для “Беларуськалія” заключаецца ў “знікненні стабільнага патоку парожніх кантэйнераў з Еўропы пасля выгрузкі”.

Раней, ва ўмовах нармальнай працы чыгуначных памежных пераходаў, пасля разгрузкі кітайскіх тавараў у Нямеччыне, Польшчы і іншых краінах Еўропы частка кантэйнераў вярталася пустымі ў Брэст, патлумачыла ініцыятыва.

“Закрыццё польскай мяжы рэзка скараціла прапанову такіх кантэйнераў. Паток, які раней вяртаўся з Еўропы, зараз заблакаваны. Гэта стварае дэфіцыт тары для экспартных партый і вымушае “Беларуськалій” альбо шукаць кантэйнеры на расійскім рынку па больш высокай цане, альбо скарачаць аб’ёмы адгрузкі”, — падкрэслівае СЧБ.

Аўтары мяркуюць, што пагаршэнне сітуацыі з мяжой прывядзе да страты БЧ часткі транзітных кантрактаў, якія пойдуць на альтэрнатыўныя маршруты праз РФ ці Турцыю“.

Усе гэтыя эканамічна нявыгадныя для БЧ падзеі, як адзначаецца, адбываюцца на фоне наяўных у яе “значных запазычанасцяў”: “фактычна ўжо на працягу трох тыдняў эксплуатацыйная праца галіны праходзіць у так званым “рэжыме эканоміі” з-за вымушанага прастою цеплавозаў па прычыне недахопу дызельнага паліва, адгрузку якога прыпыніў канцэрн “Белнафтахім” з-за наяўных у БЧ даўгоў па папярэдніх пастаўках”.

Паводле падлікаў супольнасці, “нават калі зыходзіць з таго, што БЧ атрымлівае толькі 10–15% ад сумы ў выглядзе тарыфу за транзіт і выкарыстанне інфраструктуры, недаатрыманыя даходы толькі па заблакаваных саставах могуць скласці да 40-50 млн долараў ужо да канца верасня 2025 года — у залежнасці ад колькасці такіх затрыманых цягнікоў”.

Па лініі кітайскіх адпраўнікаў інтэнсіўнасць адпраўак па калідоры “Кітай — Еўропа” “зніжана, але поўнага прыпынку няма: графікі зрэзаны, частка саставаў фарміруецца карацей”.

Польшча закрыла ўсе кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю, уключаючы адзіны КПП Цярэспаль (Брэст), які выкарыстоўваўся для пропуску легкавых аўтамабіляў, 12 верасня — у першы дзень беларуска-расійскіх стратэгічных вучэнняў “Захад-2025”, якія і паслужылі падставай для такога рашэння. У апошні дзень манеўраў, 16 верасня, стала вядома, што Варшава пакуль не адчыніць мяжу.

Польскія ўлады паведамілі, што рашэнне аб закрыцці мяжы “дзейнічае да далейшага апавяшчэння і прадыктавана клопатам аб бяспецы грамадзян Польшчы”.

На перагаворах з міністрам замежных спраў Кітая Ван І 15 верасня абмяркоўвалася пытанне закрытай па ініцыятыве Польшчы граніцы з Беларуссю, паведаміў кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі 18 верасня.

Выданне Politico 17 верасня паведаміла, што закрыццё польска-беларускай мяжы “закранае гандлёвы маршрут, па якім перавозіцца 90% чыгуначных грузаў паміж Кітаем і ЕС”.

22 верасня ў Мінску на сустрэчы з членам пастаяннага камітэта палітбюро цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая, сакратаром цэнтральнай камісіі па праверцы дысцыпліны КПК Лі Сі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што закрыццё Польшчай граніцы з Беларуссю — недружалюбны крок у адносінах да КНР: “Справа тут не ў Беларусі. Ну а Польшча мае ролю нейкага каня-скакуна на карысць іншых дзяржаў”.

Падзяліцца: