Мінск 22:09

Лукашэнка прызначыў новых членаў праўлення Нацбанка

Фота: 1prof.by

23 верасня, Позірк. Членамі праўлення Нацыянальнага банка прызначаны Дзяніс Гарагляд, Таццяна Жданава, Ілона Лядніцкая, Дзмітрый Мурын і Аляксандр Шаўко. Адпаведны ўказ № 341 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 23 верасня, паведамляе яго прэс-служба.

У адпаведнасці з дакументам, з праўлення рэгулятара выведзена Алена Машніна.

Лукашэнка паступова мяняе склад кіраўніцтва Нацбанка з 10 сакавіка, калі старшынёй праўлення быў прызначаны Раман Галоўчанка. Раней ён займаў пасаду прэм’ер-міністра.

27 сакавіка Лукашэнка прызначыў Аляксандра Ягорава першым намеснікам старшыні праўлення Нацбанка. Да гэтага Ягораў цягам года працаваў у якасці намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта (АП).

22 траўня намеснікамі старшыні праўлення Нацбанка прызначаны Андрэй Картун і Дзяніс Скабялка. Раней Картун займаў пасаду першага намміністра эканомікі, Скабялка — намесніка кіраўніка апарата Савета міністраў.

Папярэдні кіраўнік Нацбанка Павел Калаур 10 сакавіка быў вызвалены ад пасады старшыні праўлення, якую ён займаў больш за 10 гадоў, у сувязі з выхадам у адстаўку.

За апошнія месяцы Лукашэнка мінімум двойчы выказаўся аб былым кіраўніку рэгулятара.

27 сакавіка ён сказаў Ягораву: “Вам і Калаура не трэба згубіць. Трэба, каб ён заўжды пад рукой быў. Прымеце вы яго парады, не, але ён свой пункт гледжання выкажа. Ён добры банкір”.

На нарадзе 9 верасня, звяртаючыся да кіраўніцтва Нацбанка, Лукашэнка падкрэсліў, што “ніхто Паўла Калаура, як у народзе гавораць, з працы не здымаў”, і ён можа працаваць “там, дзе захоча”.

Падзяліцца: