Мінск 13:16

У студзені — жніўні запазычанасць дзяржсектара па крэдытах вырасла ў гадавым вымярэнні на 14,3%

Фота: 1prof.by

2 кастрычніка, Позірк. У студзені — жніўні 2025 года банкі, якія працуюць у Беларусі, выдалі арганізацыям крэдытаў на 129 млрд 175,4 млн рублёў — на 9,3% больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га (118 млрд 218,8 млн), сведчыць праведзены “Позіркам аналіз звестак Нацыянальнага банка.

На дзяржаўны сектар эканомікі прыпала 30,4% выдадзеных крэдытных сродкаў, на прыватны — 69,6%.

Дзяржсектар за гэты час пракрэдытаваны на 39 млрд 236,1 млн рублёў (36 млрд 187,9 млн; +8,4%), недзяржаўны атрымаў 89 млрд 939,3 млн (82 млрд 30,9 млн; +9,6%).

Запазычанасць па крэдытах на 1 верасня склала 89 млрд 181,6 млн рублёў (78 млрд 175,2 млн; +14,1%), у дзяржсектара — 31 млрд 794,1 млн (27 млрд 824,9 млн; +14,3%), прыватнага — 57 млрд 387,5 млн (50 млрд 340,3 млн; +14%).

Пратэрмінаваная запазычанасць дасягнула 234,2 млн рублёў (307,3 млн; -23,8%): у дзяржсектара — 22,6 млн (51,2 млн; зніжэнне ў 2,3 раза); прыватнага — 162,9 млн (212,8 млн; -23,4%).

Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 верасня 2025 года склала 60 млрд 715,2 млн рублёў, сведчаць даныя рэгулятара.

Праведзены “Позіркам аналіз паказаў, што актуальная сума запазычанасці на 11,8% большая, чым было на 1 верасня 2024-га (54 млрд 293,5 млн рублёў), і на 3% большая, чым на 1 студзеня 2025-га (58 млрд 952,8 млн).

Пратэрмінаваная запазычанасць на 1 верасня склала 185,5 млн рублёў (+29,7%). На 1 студзеня яна складала 733,5 млн рублёў (зніжэнне амаль у 4 разы).

У той жа час, запазычанасць фізічных асоб па крэдытах на 1 верасня 2025 года дасягнула 28 млрд 501 млн рублёў (год таму — 23 млрд 915,9 млн; +19,2%): па спажывецкіх крэдытах — 11 млрд 266,9 млн (8 млрд 727,9 млн; +29,1%), на фінансаванне нерухомасці — 17 млрд 199,5 млн (15 млрд 143,8 млн; +13,6%).

Пратэрмінаваная запазычанасць — 48,8 млн рублёў (43,1 млн; +13,2%): па спажывецкіх крэдытах — 48 млн (43,1 млн; +11,4%), на фінансаванне нерухомасці — 0,8 млн (0,2 млн; рост у 4 разы).

Сярэднія стаўкі па крэдытах банкаў (тут і далей без уліку міжбанкаўскіх крэдытаў) за месяц не змяніліся і засталіся ў жніўні на ліпеньскім узроўні — 11,15%, вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацбанка.

У студзені 2025 года сярэдняя стаўка складала 10,36%, у лютым — 10,66%, сакавіку — 10,75%, красавіку — 10,79%, траўні — 10,88%, чэрвені — 10,96%, ліпені — 11,15%.

Такім чынам, ад пачатку года сярэдняя стаўка вырасла на 0,79 п.п.

Рэгулятар будзе прымаць меры макрапрудэнцыйнага характару “для стымулявання інвестыцыйнага крэдытавання і — пры неабходнасці — ахаладжэння залішняга спажывецкага попыту, арыентаванага на імпарт”, заявіў старшыня праўлення НБ Раман Галоўчанка 21 сакавіка на сустрэчы з прадстаўнікамі банкаўскага сектара.

Кіраўнік Нацбанка паведаміў, што тэмпы росту спажывецкіх крэдытаў фізічных асоб “таксама застануцца ў фокусе ўвагі” рэгулятара. Ён падкрэсліў, што гэтыя крэдыты “не павінны адцягваць рэсурсы ад фандавання айчынных прадпрыемстваў і правакаваць рост спажывецкага імпарту”. У прыярытэце, паводле яго слоў, павінна быць “фінансаванне партнёрскіх праграм, звязаных з набыццём тавараў айчынных вытворцаў”.

“У цэлым колькасныя параметры па крэдытаванні, даведзеныя да сектара на пашыраных пасяджэннях праўлення, павінны ўспрымацца не як арыенцір, а як паказчыкі для безумоўнага выканання кожным банкам”, — папярэдзіў Галоўчанка.

Нацыянальны банк не стаў мяняць на кастрычнік 2025 года вызначаныя ў чэрвені разліковыя велічыні стандартнай рызыкі. Па новых крэдытах на тэрмін да 3 гадоў у беларускіх рублях (за выключэннем ільготных) для юрыдычных асоб — 13,24%, на тэрмін большы за 3 гады — 12,12%; па новых крэдытах для фізічных асоб у беларускіх рублях (за выключэннем ільготных) — 19,10%, па новых тэрміновых безадзыўных банкаўскіх укладах (дэпазітах) фізічных асоб у нацыянальнай валюце з тэрмінам вяртання больш за 1 год — 15,64%.

Рэгулятар 25 чэрвеня падвысіў стаўку рэфінансавання з 9,5% да 9,75% гадавых. Гэтае рашэнне старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык назваў “эканамічна абгрунтаванай, але моцна запозненай мерай”.

На яго думку, рашэнне Нацбанка “адпавядае існай сітуацыі ў эканоміцы, у прыватнасці, яе перагрэву, інфляцыйнаму ціску”, але яно “павінна было прымацца яшчэ ў другой палове 2023 года”.

Эксперт звярнуў увагу на нязначнасць змены стаўкі, адзначыўшы, што такое падвышэнне “носіць абсалютна сімвалічны характар”, бо з улікам інфляцыі стаўка ў рэальным выражэнні “нават знізілася”.

Падзяліцца: